Прапаведнікі смерці - Бычковский Алесь
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Затым у дзверы настойліва пазванілі і пагрукалі. Славамір адчыніў. На ўваходзе чакаў знаёмы ўчастковы Серабракоў.
— Ваша суседка недзе прапала. Тры дні няма. Заяву прынёс цяперашні муж.
— Муж?
— Прабачце, прыяцель. З ейным ладам жыцця. Мо сканала дзе? Але ж, для праформы я павінен распытаць: калі вы бачыліся апошні раз, дзе, пры якіх абставінах?
Славамір павольна распавёў пра апошнюю сустрэчу каля пад’езда. Напрыканцы падумаў крыху і параіў нечакана для сябе:
— Пашукайце ў вёсцы Жытніца. Мажліва, яна там.
— Адкуль ведаеце? — здзівіўся Серабракоў.
— Неяк чуў, што там засталася радня маёй суседкі, — схлусіў Славамір. Не расказваць жа пра прарочы сон.
Калі развіталіся, Славамір вярнуўся ў рабочы пакой і ўзяў у рукі «таямніцы». На гэты раз ён глядзеў на кнігу з цікавасцю і спалохам. Гартаць старонкі не хацелася.
Вось табе і маеш. А ён лічыў набытае забабонне недарэчнымі казкамі. Рытуал супраць запояў суседкі правёў быццам у жарт. Мо супадзенне? Раптам моцна захацелася выпіць.
***
Ромка Фокін намаляваўся знянацку ў другой палове дня. Зваліўся нібы снег на галаву. Безцырымонна адштурхнуў Славаміра ўбок і пакрочыў у пакой, дзе паставіў на стол пузатую бутэльку каньяку. Славамір зачыніў дзверы і рушыў следам.
— Можаш сябе павіншаваць, — выдыхнуў Ромка і адкаркаваў бутэльку. — Выдавецкі савет вырашыў вызваліць цябе ад напісання касмічных баевікоў. Мне даручана прапанаваць табе пісаць дзіцячыя казкі.
Славамір моўчкі зняў з паліцы на сцяне дзве філіжанкі і паставіў іх на стол.
— Хлопцы вельмі смяяліся з прапанаванай табой літаратурнай канцэпцыі нябачнага твора, — працягваў Ромка.
Ён спрытна разліў напой.
— Будзем, — Ромка выпіў.
Славаміру піць расхацелася. Ён перасунуў крэсла насупраць і сеў.
— Наконт казак, канешне, жарт, — прызнаўся Ромка. — Справа ў іншым, што апошняя твая кніжка «Забойства на колах» амаль уся раскуплена за квартал. Ты ўпэўнена дэбютаваў у дэтэктыўным жанры. Разумееш?
Славамір паціснуў плячамі. З моманту Ромкінага ўваходу ў кватэру ён яшчэ не прамовіў ні гуку.
— Плануецца хуткім часам ціснуць дадатковы наклад. Як табе навіна?
Славамір уздыхнуў.
— Што ў цябе за твар? — абурыўся Фокін. — Прачніся, поспех на ганку. Больш не трэба аніякіх космаопер. Пішы, што душы заўгодна. Выдавецтва чакае працягу дэтэктыва.
— Ромка, — прамовіў Славамір. — З табою адбывалася калі-небудзь містыка?
— Не ведаю. Мажліва калісьці, — Фокін гадаў, што хоча сказаць сябар. Патлумач.
— У мяне за сцяной суседка жыла. П’янь несусветная. Жыцця не давала. Кожны дзень у атрутнай гары, а па начах канцэрты. Набыў неяк кніжачку «Сусветныя таямніцы», вычытаў «рэцэпт», як пазбавіць ад алкагалізму іншую асобу і. карацей, правёў дзеля цікавасці рытуал, а пасля высветлілася, што суседка недзе знікла без вестак, і ўжо тры дні няма. Што думаць?
— Пачакай. пачакай, — Ромка схапіў том і прыняўся зацікаўлена гартаць. Пакрысе ягоны твар набыў заклапочанасць. — Вось не думаў, што яна яшчэ недзе прадаецца. Няйнакш, на складзе ці сховішчы завалялася пара-тройка асобнікаў. Ну і ну.
Ромка шумна выдыхнуў і загарнуў кніжку.
— Што?
— Ты дарослы мужчына, а вінаваціш сябе ў знікненні суседкі з-за рытуалу?
— Я не ведаю, — шчыра прызнаўся Славамір. — Але на сэрцы цяжка, сам не свой які дзень.
— Дурань, — сказаў Ромка. — Гэта падробка. Кніжку напісаў я.
— Не разумею. Як гэта?
— Справа была на пачатку дзевяностых. Памятаеш, што адбывалася тады ў кніжным бізнесе? Мы, жаўтаротыя юнакі, прагнулі нахапаць грошай. Які там літаратурны працэс, браце? Саюз распаўся, цэнзура знікла, а кніжны рынак у стане вакуума. Фантастыка, фэнтэзі, баевікі, кінараманы, дэтэктывы, парнаграфія, эротыка, кінасерыялы — усё віхурам напоўніла кнігарні, выціскаючы класіку і калгасна-рабочыя раманы. Попыт быў страшэнны. Прыбыткі выдавецтваў вымяраліся касмічнымі лічбамі. Усё паглыналася галоднымі чытачамі, нібы ў прорву. Рэлігія стала дазволенай, Біблія — у свабодным гандлі. І чыталі! І не толькі Біблію. Колькі тады кніжак пра акультызм з’явілася! Існавалі аўтары, якія з лёгкай рукі сачынялі соннікі, з пальца высмоктвалі гараскопы. А я вось вырашыў напісаць «Сусветныя таямніцы». Абклаўся гарой ужо выдадзенай адпаведнай літаратуры, як у анекдоце: з адной кніжкі — цытата, з двух — лекцыя, з пяці — яшчэ адна кніжка. Дзе свайго навыдумляў, дзе спісаў тэкст з іншай крыніцы, толькі словы пераставіў. Гэткім чынам і нарадзіліся «таямніцы».
Славамір нічога не адказаў.
— Дарэчы, я на гэтай кнізе вельмі някепска падзарабіў. А колькі грошай заграбло выдавецтва!
— А як жа сумленне? — не вытрымаў Славамір.
— Ха! Сумленне? Канешне, шкода ўсіх небарак, хто шчыра верыў у каламуць, хто элементарна апынуўся ў псіхушцы. Але заўваж, я гвалтам нікога не прымушаў набываць кніжку. Эпоха надарылася такая. Хто прымушаў натоўп перціся на канцэрты Кашпіроўскага, Джуны, Лонга? Чаму ж шлі не ў царкву, раней амаль забароненую, а кіравалі па ўласным жаданні ў пашчу д’ябла. Пра якое сумленне ў маім выпадку можна казаць?
— Ты не правы, Ромка. Ці не мы падказалі шлях да той пашчы? Мы нясем адказнасць за нашу лухту.
— Перад кім?
— Перад Богам, перад людзьмі, што паверылі нам! Мы таксама прапаведнікі, хіба не бачна? Па нашых творах здымаюць серыялы, камп’ютарныя гульні. Мы ствараем віртуальны свет азлобленых дурняў, штурхаем натоўп да пагібелі! Мы прапаведуем шлях да смерці!
Ромка хмыкнуў.
— Бач ты, святоша наваспечаны.
Славамір не адказаў. Ромка наліў сабе яшчэ каньяку, хуценька выпіў і выдыхнуў у кулак.
— Я пайду. Сваю місію на сёння выканаў. Ты ў курсе спраў, — Фокін падняўся. — Слухай, можна я забяру «таямніцы» на памяць? Ніводнага асобніка не засталося.
— Забірай, — дазволіў Славамір, і яны хутка развіталіся.
Пасля Славамір сядзеў на тахце і доўга разважаў над словамі літкансультанта Фокіна.
***
Позна ўвечары ў дзверы зноў пазванілі.
«Ад наведнікаў сёння не адбіцца», — падумаў Славамір і пакрочыў адчыняць.
На ўваходзе стаяла Анжэла. Амаль без касметыкі, без ваяўнічага задору ў вачах, з самотным выразам твару, валасы, сабраныя ў хвосцік. Ціхая сціплая Анжэла. На плячы чорная скураная сумка. Упершыню сяброўка паказалася перад Славамірам у нязвыклым вобразе.
— Я прынесла кніжку, — Анжэла выняла з сумкі томік Эйвінда Юнсэна «Прыбой і Берагі» і працягнула Славаміру.
Вось табе і маеш. Барбі пераўтварылася ў Папялушку з прыкметамі інтэлекту. Ён збянтэжана прыняў падарунак.
— Мо дазволіш увайсці?
— Канешне. Калі ласка.
Апынуўшыся ў кватэры, дзяўчына разулася. Славамір перамінаўся з нагі на нагу, збіраўся нешта сказаць, але нічога ў галаву не прыходзіла. Анжэла ўражвала. Месца прыгожай разбэшчанасці заняла вытанчаная пяшчотнасць, дапоўненая далікатнасцю.
— Кавы, гарбаты? — прапанаваць спіртное не павярнуўся язык.
— Кавы.
Яны прайшлі на кухню. Славамір прапанаваў госці месца за сталом, а сам прыняўся завіхацца каля пліты.
— Прабач, да кавы нічога няма, — апраўдваўся ён.
— Добра і так.
Яны моўчкі сядзелі насупраць і павольна, не парушаючы цішыні, падносілі да вуснаў кубачкі. Напой абпальваў. Славамір не звяртаў на гэта ўвагі. Дзяўчына неадрыўна глядзела яму ў твар. Глыбіня вачэй, самоцінка, гіпнатычнасць. Нешта было не так, штосьці павінна здарыцца сёння. Няўжо ён увесь час памыляўся? Ці раптоўная змена іміджу і стылю паводзін — усяго частка спрадвечнага жаночага плана? І куды падзелася былая баявітасць сяброўкі?
Потым быў яшчэ адзін кубачак, і ятттчэ...
«Не засну сёння», — вырашыў Славамір.
Ён адзначыў, што сумачку сяброўка трымала пры сабе. Яна была аб’ёмістай. Там не толькі том Юнсэна можна схаваць.
— Ты хацеў ведаць маё сапраўднае імя, — абмовілася Анжэла нарэшце.
Славамір ускінуў бровы.
— Ну што ж, я — Анжэла.
— Далібог, не разумею.
Анжэла дапіла каву, адсунула кубачак, потым раскрыла сумачку, выняла стос папер з акуратна аддрукаваным на прынтары тэкстам і паклала перад Славамірам.
— Вось тут адказы на ўсе пытанні, — запэўніла яна.
Славамір з трымценнем у сэрцы павольна перавёў позірк з сяброўкі да папер, углядзеўся ў тэкст і збянтэжыўся ад нечаканасці. Гэта аказалася раздрукоўка ягонай перапіскі з Карынай!
— Мы нібыта зоркі, што ляцяць у вечнасць, нашы арбіты зрэдчас перасякаюцца. То праўда? — спытала шэптам Анжэла.
Унутры Славаміра ўсё перакулілася, ён не знаходзіўся з адказам.
— Адкуль у цябе гэта? Ты. ты.
— Вымаві ўслых. Я хачу пачуць, — сказала сяброўка. — Агуч сваю здагадку.
— Не можа быць.
— Можа, усё на свеце можа.
— Не, так не бывае.
— Як не бывае?
Славамір хацеў праваліцца скрозь зямлю. Ён даверыў сеціву самыя глыбокія таямніцы свайго жыцця і не мог ні ў якім разе ўявіць, чым усё абернецца.