Легендарныя апавяданні - Ганна Навасельцава
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
— А яно ж тут пры чым? — не маглі мы зразумець, хоць і вельмі хацелі.
Мы сталіся халоднымі межамі, пазначаючы шляхі варажнечы. Шляхі зда-
бытку сонечнага жалеза. Шляхі роспачы і пакут. Шляхі старат такіх каштоўных імгненняў. Падалі нябесныя агніскі, стаміўшыся гладзець на ўсё гэта. І мы чулі, як нават самыя жорсткія называлі агнісак зоркамі ды знічкамі. Верылі, што суладныя яны з нейкім кароткім імгненнем. Верылі, хацелі дакрануцца вечнасці. Толькі не ведалі, што пазбаўляе вечнасці пралітая кроў. Ад таго паўсталі мы на высокіх курганах, рукатворных, нават прыгожых. Паўсталі не па сваёй волі. Яны хацелі, каб мы, вечныя, пазначалі курганы, сталі напамінам пра тых, хто дарэмна страціў сваё каштоўнае імгненне. Хто павінен знайсці ў тых курганах вечны спачын. Яны падманваліся. Яны непапраўна памыляліся. Мы так гневаліся на іх за гэта.
Моцна. Адчайна. Хоць і хацелі гэта змяніць. Не ведалі, не ведалі, як учыніць такое. Навучыліся іх разумець. Навучыліся думаць, як яны. Але не ведалі. Ды зусім нечакана нам дапамог адзін з іх, імгненных. Ясных, нібы сапраўдная агніска. Можа, ён і стаўся нашай зоркай. З’явіўся раптоўна, як ляскатлівы Пярун, што цаляе ў нас сваімі стрэламі. Не, зусім не Пярун. Гэта проста азываецца нам вітаннем высокае неба.
Мы не прадказвалі яго нараджэння. Мы яго не чакалі. Хоць апасля яго мы здолелі навучыцца і прадказанню, і чаканню. А ён прыйшоў да нас на зломе часоў, калі яшчэ было шмат тых, якія нам спявалі, якія нам маліліся. І калі ўжо прыходзілі іншыя. Схіляліся перад крыжам. Пакутавалі. Здзекаваліся. Думалі пра сваё кароткае імгненне, але бераглі яго яшчэ меней, чым нашыя першыя. Але ён не быў ні першым, ні другім.
Заснаваў горад, назваўшы сваім імем, сын чарадзея. А імя яго азначала барацьбу. Але не шмат і змагаўся, хоць меў неспатольную прагу да жыцця. Спрабаваў вынішчаць старое, але яму ж самому мізэрнымі здаліся тыя справы. А калі зразумеў гэта, прыйшоў да нас. Убачыў. Знайшоў. Мы адчулі дотык прагных рук і біццё халоднага сэрца.
Чамусьці тады здалася-згадалася халодная бель нашай снежнай радзімы, непаўторнай, першай. І доўгае падарожжа, якое аніяк не магло скончыцца. І шчырая чуласць да першай пачутай малітвы. Як быццам можа быць меней чуласці да ўсіх астатніх малітваў. Як быццам не новае падарожжа адкрывае новы свет, такі важны, такі патрэбны. Як быццам першыя снягі даражэй нам за пабачаныя тут імгненні. Як быццам. Мы ўспомнілі яго прадзеда, вясёлага, маладога. І яго самога малым. А цяпер ён выбіў проста на нас, што просіць дапамогі. Не, ён ніколі не ўмеў прасіць. Назваўся рабом. Назваўся адным з тых, якія пакланіліся крыжу. Не, ён не ведаў, што такое пакора. Прабачэнне. Літасць. І не хацеў ведаць ніколі. Нам не было балюча. Мы ж — моцныя...
Мінулася ягонае імгненне. А мы панеслі сказаныя ім словы. Абдуманыя, узважаныя. Няхай яго памятаюць. Ён жа так баяўся забыцця. Назваў горад сваім імем. І доўга-доўга пасля маладыя, наіўныя ды чыстыя сэрцам іх чыталі, супыняліся, скаланаліся ад роспачы. Адкуль прычакаць дапамогі? Што зрабіць за сваё кароткае імгненне? Дакраналіся да нас рукамі. І тады чулі нашыя галасы. А мы падказвалі, суцяшалі. Мы памятаем іх, памятаем усіх. Нам цяжка, але мы — памятаем.
Апасля мы сустракалі нямала такіх, як ён. Не рабоў. Уладарных. Праніклівых. Каменных. Здольных скамяніць. Гэта лягчэй, чым здаецца. Прыходзілі і сыходзілі імклівыя, імгненныя зямныя зоркі. Самыя ясныя, зыркія. Мы хацелі, каб яны даўжэй затрымаліся побач з намі. Але каб камянець. Мы не жадалі гэтага для іх. Мы б не пагадзіліся пусціць у іхні свет нашую сілу.
— За справы свае застанься стаяць тут, пакуль не буду вяртацца назад, — сказала тая, якую мы не маглі не пачуць.
Па праву любові да сваёй зямлі. Раней намі ніколі не бачанай. Незвычайнай. Яна выправілася ў далёкае падарожжа. Мы ўжо ведалі, што яна не вернецца. Яна ведала, што не вернецца, хоць і марыла вярнуцца болей за ўсё. Яе прысуд таму, хціваму, быў справядлівым. А можа, за гэта трымалася яе надзея.
— А ты будзеш стаяць тут, у прыдзвінскіх хвалях, ды чакаць яе. Тады атрымаеш сваё сонечнае жалеза. Тады зноў зможаш цягнуць рукі да таго, што не тваё. Зможаш хадзіць па цёмных дарогах. Адбіраць у іншых імгненні. А пакуль што пабудзь з намі, — сказалі мы таму.
Заплакаў. Загаласіў. Папрасіў літасці — забраць яго імгненне. Але не былі мы літасцівымі. Тады, як пайшла нашая сіла ў свет, мы пабачылі, што і той, хто стаў каменем, усё ж можа спачуваць. Асабліва, калі спадзяецца на ратаванне. А яшчэ мы зразумелі, што можам будзіць. Можам стаць жывым голасам зямных зор, які гучыць праз час. Які гучыць у часе. Той, хто пачуе яго, будзе мудрым, моцным, вечным.
— Вечным?
— Такім. У вечнасць прабіваюцца зямныя зоркі.
Адзін прабіўся. Быў гонарам цэлага краю. Хоць чаму быў? І будзе. Ганарлівейшы за таго, не раба. Мы стаміліся ад здрадніцтва, ад падманаў. Здаецца, мы чакалі толькі яго. Мы не так сабе прадказалі нараджэнне:
— Вітаем цябе, вітаем.
Ён пачуў наш голас. Нездарма ж меў вітальнае імя. Вітаўт. Прывечаны. Абраны. І супыніў час па-над сваёй зямлёй. Пакінуў яго ў песнях, у сказах, у кнігах. Прыходзіў да нас. Хацеў застацца з намі. А хто ж мы такія, каб адмовіць у такім простым?
Калі скончылася ягонае кароткае імгненне, мы спыталі ў нябесных агнісак:
— Усё тыя ж самыя ды ўжо іншыя. Што, што змянілася? Змянілася назаўсёды. Змянілася непапраўна.
І тады падалося нам, што яны адказалі. Адказалі так ціха, ледзьве чутна, як угадалі нашыя думкі. А можа, гэта і было схаванае, нявыказанае. Нічога не змянілася, але змяніліся мы самі. Ці не ўпершыню мы смяяліся да самазабыцця. Мы ж — вечныя. Мы ж — моцныя. Нас жа многа. Стаім на зямлі зімы і леты. Хаваем сляды імклівых зямных зор. І не мяняемся, не зменімся аніколі, як бы не пляжылі нас імклівыя зямныя зоры.
Пазначаем месца, дзе правалілася пад зямлю царква. За іхняе гора, за іхнія страты. Камянім тых, хто здзекаваўся, хто пагарджаў. Імі, яснымі. Меней усё тых, уладарных і годных. Болей усё тых, уладарных і гнеўных. Астатнія ж не шукаюць каля нас скарбаў. Не водзяць каля нас спеўных карагодаў. Адно спрабуюць на злом, кажучы:
— Паночак, пашый мне хоць якую адзежыну.
Як жа мы стаміліся быць шаўцамі ды краўцамі. Не заўважылі таго. Просяць саламяныя стрэхі. Адзежу. Абутак. Бедныя, бедныя. Туляцца да зямлі. І мы хаваемся ў зямлю. Абутак, адзежа.
Ледзьве-ледзьве здзіўляемся нечаканым галасам:
— А ёсць жа недзе на зямлі залаты алень шчасця.
— Ды не мані. Дзе ж тое шчасце падзелася.
— Ёсць. Ёсць! Чуў мой прадзед ад свайго прадзеда, а той — ад свайго, што некалі, як былі маладымі вось гэтыя каменныя волаты, бегаў па зямлі залатарогі алень. Там, дзе ён прабягаў, цяплела ад радасці зямля, берагла яго сляды. А людзі, якія іх знаходзілі, рабіліся веднымі, моцнымі. Можа, і не ад таго, але станавіліся шчаслівымі.
— Мані болей. Як гэта чалавек можа узяць ды зрабіцца раптам і ведным, і моцным?
— А ты далей паслухай. Многім людзям падараваў алень і веднасць, і моц. Доўга, нябачаны людскім вокам, скакаў па-над зямлёй. Але знайшоўся такі цёмны, такі злы чалавек, які забіў залатарогага аленя.
— Значыць, не ўсе хацелі веднасці ды моцы. Не ўсе хацелі шчасця.
— Значыць, не ўсе. Але кажуць, што той злы чалавек не хацеў шчасця іншым. А цудадзейны алень ведаў пра сваю смерць. Доўга шукаў сабе памятку. Незнішчальную. Незабыўную. І знайшоў. Пакінуў след свайго капытка на валуне-волаце, уклаўшы ў той слядок усю чарадзейную сілу.
— І што далей? Шукалі, знайшлі гэты след?
— А далей нічога. Згубіўся чарадзейны аленеў слядок у безлічы іншых, і светлых, і цёмных. Аніхто яго, кажуць, пакуль не знаходзіў. Але ж ёсць недзе, ёсць. І, мабыць, гэтыя вечныя волаты ведаюць, дзе яго шукаць. Дык хіба ж нам скажуць.
След залатарогага аленя. Ты і нам падараваў шчасце. Хоць мы — вечныя — сумняваемся, што нешта такое ёсць. Але хіба ж не шчасце тыя сляды, сляды. Яркія. Добрыя. Прамяністыя. Не былі ўладарнымі, ды сталі нечым большым. А мы. мы ніколі так моцна не спадзяваліся. Ніколі за ўсе стагоддзі.
Мы збіраліся разам. Казалі, што любілі навуку, шанавалі дабрачыннасць. Глядзелі ў мінулае, слухалі галасы легендаў. Хацелі вярнуць былую славу, хацелі ўшанаваць памяць. У нас было слова. І слова было нашай зброяй. І зброя была словам. Мы нібыта зноў сталі маладымі, такімі, якія толькі што глядзелі на талую сляпучую бель. І мы зноў вярнулі нашыя стагоддзі, калі яны зведалі выгнанні. Выгнанні, як забыццё. Доўгае. Доўгае. Але не зніклі прамяністыя сляды, як і сляды залатарогага аленя. Аленя шчасця. Мы памятаем пра цябе.
Ты паспеў прыбегчы да нас, адчуўшы хуткую страту. Сваю страту.
— Ратуйце, ратуйце мяне, я хачу жыць.
І мы адказалі табе, як адказалі б заўсёды:
— Ратуем, дапаможам. Мы, вечныя, магутныя, можам так учыніць. Ты не памрэш.
І прыйшоў за табой нехта. Можа, і цёмны, можа, і злы. Яму невыносна было глядзець на шчасце. Спакойна ўзяўся за зброю: