Категории
Самые читаемые
RUSBOOK.SU » Разная литература » Прочее » Гапееў Ведзьміна тоня - Неизвестно

Гапееў Ведзьміна тоня - Неизвестно

Читать онлайн Гапееў Ведзьміна тоня - Неизвестно

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 32 33 34 35 36 37 38 39 40 ... 45
Перейти на страницу:

– А навошта? – залыпалі вачыма хлопцы.

– Дзівакі! Няўжо вы думаеце, што дзед дазволіць, каб нас ад нашай справы ўбок адцерлі? Гэта ж нашы землякі, і ідэя наша, і мы плыт збіралі… Таму дзед і прыкінуўся, што захварэў, каб гэты дэсант са двара выправадзіць. Не гнаць жа іх – яны ж ні ў чым не вінаватыя… Так што заўтра – у дарогу.

– Ура! – закрычалі ўголас Віцька і Віталь, не стрымаўся і Сяргей: радасна ўскінуў адну руку ўгору, голасна закрычаў: –Э-гей!

Нэла пляскала ў свае худзенькія далонькі, смяялася залівіста.

Быццам на гэты шум выйшла з хаты і фельчарка.

– Чаго крычыце? Ану, кыш у сад. Няхай адпачне ад вэрхалу стары чалавек. У яго сапраўды ціск узняўся… З вамі і не памрэш спакойна, – усміхнулася яна.

У садзе хутка назбіралі яблыкаў-паданак, памылі, і хоць баба Адарка пярэчыла, але сталі іх рэзаць – усё дзеду Васілю з бабай будзе лягчэй.

Праз хвілін сорак выйшаў з хаты і сам дзед Васіль з фельчаркай. Тая ў адной руцэ трымала свой чамаданчык, а ў другой – новенькі лазовы кошык.

– От, Яўменавіч, не варта мне так дзякаваць, то ж работа мая.

– Я табе не за работу дзякую, – адказаў дзед Васіль. – А за чалавечнасць. За гэта ніколі дзякаваць не многа.

Фельчарка пайшла на вуліцу, дзед – у сад.

Яго чакалі з радаснымі тварамі.

– Што, напужаліся крыху? – падбадзёрыў стары. – Не перажывайце, бывае ў жыцці і страшней. Вось калі ты зробіш, а другі цалкам тваё сабе забярэ – гэта балюча. Разумею, крыўдна і так… Не, то наша справа, нашай вёскі. Што тут чужым рабіць? Правільна я разумею?

– Правільна! Але мы тут аб другім падумалі… – пацішыў голас Віцька. – Аб тым дакуменце…

– Малайцы. І я аб гэтым падумаў адразу… Ну, вось і добра… А то я рашыў, што вам захацелася такія нашыўкі на рукавах панасіць, – падміргнуў дзед.

Засмяяліся шчасліва.

Усё ў іх атрымлівалася.

Але калі зноў нечакана завішчалі тармазы на вуліцы, уздрыгнулі ўсе. Толькі Сяргей спакойна зазначыў:

– Гэта старшыня прыехаў. Толькі ў яго УАЗіка так тармазы вішчаць.

І праўда, у сад зайшоў старшыня.

Павітаўся, прысеў на прапанаваны зэдлік.

– Ну, як настрой? Баявы? Добра, бачу, што баявы… Мне тут сказалі, што фельчарку выклікалі…

– Ты даруй, мне, Рыгоравіч, – загаварыў дзед Васіль. – Пасля мы табе многае патлумачым, ты хоць і чужы, ды наш чалавек. Цяпер адно скажу: ёсць у нас абставіны, пра якія вось толькі мы ведаем. І так складваецца, што ніхто чужы не павінен быць там, на востраве, пакуль не будзе знойдзена магіла. Толькі мы. Павер, надта сур’ёзна гэта. Дзеці вось зразумелі…

– Ну, значыць так трэба, – ніколькі не пакрыўдзіўся старшыня, што яму не хочуць даверыць нейкую таямніцу. – Вы больш ведаеце – вам і прымаць рашэнні. Я вам таксама веру… Так, калі ў вас усё гатова, у нас таксама ўсё гатова. Заўтра будзе трактар, Антон Аўдзееў пад’едзе. Будуць старшакласнікі са школы, яшчэ я тры чалавекі сваіх выдзеліў – дапамогуць вам перанесці ўсё на востраў. Аркадзь Калюжы будзе – на выпадак, калі забуксуем дзе. Хто ў вас старшы?

Пераглянуліся між сабой – неяк і не назначалі яны нікога старшым. І так разумелі – камандаваць, калі трэба, будзе дзед Васіль.

– Васіль Яўменавіч у нас старшы, – так і выказаўся Віцька.

– Так, зразумела, – усміхнуўся старшыня. – З трох такіх хлопцаў лепшага і не выбераш…Тады я назначаю старшай у групе Яўгенію! Хто супраць?

– Ага, пабудзеш з ёй супраць, – прабурчаў Віцька, але заўсміхаўся – яму было прыемна, што яго сястра – будзе галоўнай.

Старшыня абвёў позіркам хлопцаў, сустрэў толькі усмешкі згоды.

– Няхай камандуе! Але абед усё роўна гатаваць будзе…

– Ну, старшы, сябры мае, – гэта не камандаванне. Гэта адказнасць. Не толькі за свой абед, а і за справы ўсіх. І за жыцці ўсіх, за бяспеку. Думаеце, лёгка мне старшым тут быць? – пасур’ёзнеў Мікалай Рыгоравіч. – Вось… Ну, а Жэнька ў нас дзяўчына разумная, і слухаць вы яе будзеце. А намеснікам будзе ў яе Васіль Яўменавіч.

Не ўтрымаліся, зарагаталі, курыў сваю самакрутку і ўсміхаўся ў вусы дзед.

– Трымай, камандзір, – працягнуў старшыня Жэньцы радыётэлефон. – Мабільная сувязь да нашай вёскі не дайшла, ну а нам вось яшчэ ў мінулым годзе ўдалося атрымаць на жніво пяць такіх. Дыспетчарская цябе будзе чуць і днём і ноччу. Быць самім заўсёды на сувязі. Вось яшчэ зараднае і акумулятар запасны. Віцька хай зарадзіць абодва, хопіць на двое сутак, калі не размаўляць гадзінамі. Ну, што яшчэ ад мяне трэба?

– Ды, здаецца, усё наш камандзір палічыла і ўлічыла, – адказаў за ўсіх дзед Васіль. – Нам бы толькі трактар раней…

– У восем гадзін будзе трактар і рабочыя. Са школай я сам дамоўлюся.

– Тады ўсё ў парадку.

Старшыня павярнуўся, каб ісці, але ў апошнюю хвіліну затрымаўся. Нейкі час ён вагаўся – казаць пры ўсіх ці адазваць Сяргея ўбок, каб пабыць адзін на адзін, але вырашыў усё ж, што ў хлопца не павінна быць тайн ад сяброў адносна яго маці.

– Сяргей… Сужыцеля тваёй маці сёння арыштавалі, ён ужо дае паказанні. Прызнаўся. Маці твая адна ў хаце застаецца. Ну, зусім адну мы яе тут не пакінем… У гэтым годзе мы дваіх мужчын адправілі на кадзіроўку ад гарэлкі за кошт калгаса. Бо не было ў людзей за што. Пакрысе яны адрабілі, цяпер – людзі як людзі, дзякуй кажуць. Мы і маці тваёй прапануем. Адно хацеў цябе папрасіць: вернецца яна – ідзі з сястрой жыць у хату. Падтрымай маці. Вельмі цяжка жыццё адразу перайначыць. Трэба, каб пратрымалася маці месяц. Глядзець за ёй, не раўнуючы што за Нэлай. Далей будзе лягчэй… Як, падтрымаеш?

– Я ўсё зраблю, – ціха адказаў Сяргей. – Адно каб не піла…Як паедзе, я хату перавярну, не пазнае…

– Ну, тады добра. Галіна Калюжа маці ўгаворыць, яны сяброўкамі былі. Займайцеся тут, а мне бегчы. Чакайце заўтра!

Завыў рухавік, заціх удалечыні вуліцы.

На нейкі час у садзе стала ціха, было чуваць, як пастрэльвае тытунь у дзедавай самакрутцы.

– Ну, хлопцы, узяўся за гуж – не кажы, што не дуж, – падбадзёрыў дзед прыціхлых сяброў. – Усё ў нас атрымаецца. Галоўнае – ісці да канца…

Частка 23

Ранак быў празрыста-блакітным: ад высокага чыстага неба, ад бліскучай роснай травы, ад яшчэ не асляпляльнага сонечнага святла.

Забразгацела вядро аб студню. Сяргей выглянуў – маці набірала ваду. А з коміна хаты ішоў густы белы дым. І… пахла скваркамі. І блінамі.

Было яшчэ каля шасці гадзін. З коміна хаты дзеда Васіля таксама ішоў лёгкі дымок – і баба Адарка нешта гатавала.

Сяргей памыўся, стаў раскладваць агонь – няблага і кавы папіць – учора Жэнька крадком пакінула на стале невялікую бляшанку. Смачная кава, добра яе папіць вось такой раніцай: калі ціха-ціха зусім, яшчэ ніколькі не горача, дыхаецца на поўныя грудзі, і неба светлае, і дым з коміна пахне смачна… Дзякуй Жэньцы, хоць неяк і няёмка…

Сяргей піў каву без нічога – проста піў маленькімі глыткамі цёмны гарачы напой, гледзячы ў нікуды і адразу на ўсё. Вось у такія моманты прыходзіць перакананне, што ты ідзеш правільна, што ўсё ўрэшце будзе добра…

Нэла высунулася з будана, разлахмачаная, салодка пазяхнула, перацепнула плячыма.

– Выспалася?

Нэла кіўнула і падышла да Сяргея, прыціснулася.

– Бач, яны ўжо не спяць, а я будзіць іх іду!

Сяргей не чакаў пачуць голас, таму лёгка ўздрыгнуў.

У сад зайшла маці.

– Ну, і добра, што прачнуліся. Я вам снеданне згатавала.

Маці запнулася, нешта прыкідваючы, потым сказала:

– То я вам сюды прынясу, у хаце не прыбрала яшчэ…

Хутка яна вярнулася, несучы ў руках дзве глыбокія алюмініевыя міскі. У адной былі печаныя аладкі з белай мукі, у другой – яешня і скваркі.

– От, відэльцы не ўзяла, – павярнулася яна зноў да надворка.

– Не трэба, у нас ёсць, – спыніў яе Сяргей. – Сядай вось. Нэла, бяжы па сваё малако, вунь баба ў садзе цябе чакае.

Нэла пабегла ў сад дзеда Васіля, скачучы высока цераз траву, збіваючы ранішнюю расу і пакідаючы цёмна-зялёныя сляды на бліскучым лузе. Там яе сапраўды чакала баба Адарка са слоікам.

Снедалі моўчкі.

Не ведаў Сяргей, што казаць, калі сядзіць сям’я за адным сталом. Не сядзеў ён так вельмі даўно.

– Дык на колькі ж вы дзён у балота? – спытала маці.

– На тыдзень, як усё добра будзе. Рыбы хачу многа налавіць. Купіць з адзення трэба што, адны штаны засталіся.

– Ага, трэба табе і штаны, – згадзілася маці. – Нэлу з сабой забярэш?

– Забяру. Няхай са мной будзе.

– Нэла, а можа са мной застанешся? Камары ў балоце пакусаюць, авадні джаляць… – стала казаць маці да дачкі.

Нэла адставіла ўбок кубак з недапітым малаком, пакруціла галавой і, сутаргава крывячы роцік, выціснула:

– Не-е-э-э!

Маці змянілася тварам. Сяргей паглядзеў на яе і сказаў:

– Мы пакрысе размаўляць Нэлу вучым. Баба Адарка казала, што ўсё ад перапуду, будзе Нэла ў спакоі, ніхто пужаць яе не будзе – навучыцца зноў гаварыць.

– Дык а на балоце ж напужаць што можа, – разгублена запярэчыла маці.

– Вы п’яныя для яе самы вялікі страх, – вырвалася ў Сяргея, але маці не пакрыўдзілася, наадварот, быццам чакала нечага падобнага, каб загаварыць на гэту тэму:

1 ... 32 33 34 35 36 37 38 39 40 ... 45
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Гапееў Ведзьміна тоня - Неизвестно торрент бесплатно.
Комментарии
Открыть боковую панель
Комментарии
Сергій
Сергій 25.01.2024 - 17:17
"Убийство миссис Спэнлоу" от Агаты Кристи – это великолепный детектив, который завораживает с первой страницы и держит в напряжении до последнего момента. Кристи, как всегда, мастерски строит