Категории
Самые читаемые
RUSBOOK.SU » Разная литература » Прочее » Бэзавы попел - Ала Сямёнава

Бэзавы попел - Ала Сямёнава

Читать онлайн Бэзавы попел - Ала Сямёнава

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28
Перейти на страницу:

Ды i той год сам па сабе свет, само існаванне былі для мяне дарункам лёсу. Усё адчувалася наноў. Сонца? Шчадроты Бога. Дождж? Дар нябёсаў. Кубачак кавы? Рытуал. Быццё было самадастатковым. Мне было вернута жыццё. І рытм жыцця здаровага чалавека. Мне здаецца, такое адчуваі не павінна было быць у Стральцова пасля вяртання. Воля! Ніякага рэжыму. Чалавечыя, неўнармаваныя паводле законаў казармы, умовы жыцця...

Да таго ж, у Міхася Лявонцьевіча былі складаныя, адгалінаваныя сямейныя стасункі. У мяне — сям'я. Ці думаў пра гэта ён? Не ведаю. Але — ён быў Паэт. „Слагаются победы Из опыта потерь”. Яму была вядомая гэтая ісціна, таямніца якой адчынена толькі абраннікам светлай Багіні Красы. Ён не баяўся страціць. Наноў. А я, маючы надзейную ахову маіх гадоў, што, згадаю яшчэ, траха перакуліліся за грэцкае акмэ, i сякую-такую літаратурную i жыццёвую загартоўку, разу­мела нашы эпісталярныя дачыненні як неабходную яму гульню, як практыкаванне душы. Як неабходнасць нейкага сенсорнага спажывання. Урэшце, зноў жа, зноў, — як тое, што Міхась піша ўсё гэта Вобразу, што ствараў сабе там, у замкнёнай прасторы, на самоце. Я ж мела тое, што ў мяне ніхто не мог адабраць, не мог увайсці за мной, мог толькі здагадвацца пра гэта, адчуваць. Так, свой свет у мяне быў. I я бараніла яго. I ведала — там я сама сабе: не каралева, не, — але істота цалкам незалежная. Hi ад абставін, ні ад людзей, ні ад чыіх учынкаў. Hi ад Удачы, ні ад Поспеху. Hi ад няўдач. I скрухі. Міхась адчуваў гэта. I мне, можа, вышэйшая жыццёвая ўзнагарода — гэтыя ягоныя словы: „Чалавек, у якога ёсць свой свет...” Нясціпла? Не ве­даю. Гэты свет я не змагла, мабыць, высловіць, увасобіць у вобразы, хаця грэшная — ад спакуслівага граху прозы я не пазбавілася, друкавацца — не спрабавала (адзіны выпадак, калі я вульгарную падробку пад традыцыйную прозу насіла аднаму скептычнаму рэдактару, не залічваю, падрабленне — заўсёды помсціць, нельга спрабаваць пець не ў дадзенай табе прыродай актаве).

A ў тым свеце былі i Блок, i Эмілі Дзікінсан, i Шэкспір, i Гётэ, i Булгакаў, i Брыль, i Стральцоў... Той Стральцоў, што належаў мне, як i тысячам іншых чытачоў, з якім я заўсёды магла весці гаворку, незалежна ад яго настрою, ад абставін, ад яго стаўлення да мяне. Гэтага — у мяне ніхто не мог адняць, ніхто не мог мяне пазбавіць. Нават ён, Стральцоў. Як ніхто не мог бы адняць сонца, аблокі, дрэвы, пошум ветру, дажджы, снег, птушыны шчэбет. Шапэна. Баха... I дачыненні да высокай існасці Боскай...

I той „свеце ясны”, што быў светам Міхася Стральцова i ў якім раскашавалі ўсе мы, ягоныя чытачы. Ці трэба было ў тым свеце прыдбаць куточак i мне? Мабыць, не. Ці трапіў у той свет ідэал ягоны, стральцоўскі? Не ведаю.

Воля ўжо блізілася i выдавала пакуль што сваю ману. Міхась нерваваўся. У мяне тым часам прыходзілі па тры-чатыры „хуткія” за ноч. Да маці. Зноў я не заўсёды магла адразу адказаць на ліст. Ноч без сну, праца, аптэка, пошукі лекаў, пошукі падарункаў для ўрачоў i фармацэўтаў (наша знакамітая бясплатная медыцына!)...

„Прабач мне маё назалянне, але тое, што ты маўчыш, пачынае непакоіць мяне. Думаецца рознае. Найперш, вядома, пра хатнія твае турботы. Дзяліцца імі, зразумела, неабавязкова з кожным, але для мяне, павер, важна ведаць, як ты i што. Мне заўсёды хацелася заслужыць хоць колькі твайго даверу, ды вось бачу, што не заслужыў. Мне вельмі крыўдна i шкада сябе. А мо пісьмо маё не атрымала? Думаецца яшчэ, ці не ўшчамілася сюды (прабач грубае слова) якая плётка? Хоць i не бачу прычын са свайго боку для гэтага, дапускаю, што непаразуменне якое-небудзь магло выйсці. Ад гэтага ніхто не беражоны, на жаль. Толькі вось непаразуменні, калі яны ўзнікаюць, неяк трэба „здымаць” — пры ўзаемным даверы. А мне хочацца думаць, што я магу разлічваць на твой давер.

Можа, я ўсё тут перабольшваю, можа, проста выдумляю сам сабе — толькі ўяві i мой стан. Каб я хоць мог табе пазваніць!

У мяне тут усё пакуль няпэўна. Бібліятэку, можа, пачну перадаваць днямі. Колькі гэта працягнецца, не ведаю. Потым — павінны быць яшчэ аж дзве камісіі — медыцынская i судовая. Калі — таксама дакладна не ведаю. Вакол мяне адны пытальнікі. Гэта — тут. A ў Менску ix колькі!? Я не надта бядую, але нервы наструнены.

Слухай, падрыхтуй мне нешта накшталт спіса таго, што мне, вярнуўшыся, трэба будзе прачытаць у першую чаргу. Што мяне цікавіць, ты ведаеш: пачні хаця б з часопісаў. Збяры, што можна, да адной кучы. А я табе падару за гэта „Голубой чертополох романтизма” аднаго аўстрыяка, Айзенхарда [правільна — Айзенрайха] — нешта i ад Музіля, i ад Шніцлера, i ад Ст.Цвейга нават, i ад Кафкі дзе-небудзь — адным словам, „венская школа” — не „пражская”. Гэта — апрача роз­ных іншых дробязяў (не кніжных), якія хачу табе падарыць.

Не буду размахвацца на пісаніну. Можа, заўтра будзе ад цябе пісьмо. А на гэта ты ўсё адно адказвай.

А мне усё ж трохі сумна. Бывай.

Міхась.

6.09.82”.

У 1984 годзе, калі ўсе развітваліся з маёй маці, зайшоў i Міхась. Народу было процьма — з Наваградка, з Гародні, менскія, блізкія i далёкія знаёмыя, амаль усё выдавецтва „Мастацкая літаратура” (я тады рабіла там — i яшчэ раз спазнала ў горкія хвіліны, якія спагадлівыя i добрыя людзі побач са мной), са службы майго мужа. Кветкі, кветкі, кветкі... I маці — строгая, у чорным, загадзя падрыхтаваным строі. Я гляджу толькі на яе — тры дні, як то павінна быць у хрысціян. І раптам адчуваю: кветкі паклаў Міхась Стральцоў. Падымаю вочы — яго ўжо няма. „Стральцоў?” — пытаюся ў мужа. „Так”.

А праз тыдзень адышоў з гэтага свету бацька Міхася Лявонцьевіча...

Былі, былі нейкія паралелі i перакрыжаванні...

„Даражэнькая!

Вечар добры, a калі хочаш, то дзень ці раніца! Гэта ўжо як табе патрапіць. А я ўвечары пішу, у той дзень, як атрымаў тваё пісьмо. Дзень няўдалы для пошты: заўтра субота, а потым нядзеля. З Эолам не адашлеш табе пісьмо: галубоў, што жывуць у паддашку тутэйшай лазні, i добрай жардзінай, каб была, не выганіш у вялікі белы свет: аблянелі [нечытальна], як нашыя прапары, — бо харчоў, здаецца, хапае. Не люблю я чамусьці гэтую птушку. Хоць яна i сімвал нечага, — пошлая і, мусіць, недалёкая, як газетная кіяскёрка. Чаму кіяскёрка? — Бог яго ведае, нешта прыйшло ў галаву раптоўна — i напісаў. Пісьмо ўсё ж, можа, патрапіць да цябе раней нашага кардоннага тэрміну — таму яго зваротнаму адрасу ўвагі не надавай — так трэба. A літару мне, калі хочаш, можаш не пісаць. Наша паштарка цяпер у адпачынку, i пошту я сам забіраю: сваё пісьмо знайду i сам сабе ўручу. Вяртаецца яна (паштарка) у канцы верасня, а я месяц тут, пэўна, праседжу, — нешта ўжо i спадзявацца на дарогу перастаў. I ты неяк неімпэтна, прабач, пішаш, i надзей у мяне на нешта добрае няма, i зіма скора, i турботаў, як у Чыгрынава славы, наперадзе, i радасці не блішчыць, — жыццё ўяўляецца нейкім прымыльнікам ці то дзяжурным міліцэйскім пакоем. Бррыда!

Хоць бы ўжо табе неяк здатней ды весялей пачувалася, i то мне было б цяплей!

Горка мне чытаць было пра Сцяпана Захаравіча [Гаўрусёва], шкада магутную сілу, але падумаўшы, быць В.-мі ды У.-мі — не такі ўжо i вялікі „прыварак” бядотнаму чалавецтву. Сцяпан Захаравіч хоць гусарыць умеў, i то добра, а куды яно пайшло ўсё i навошта i на што пойдзе — нам не дано предугадать, сапраўды. Але, цвяроза разважыўшы, Т.-чаў вершыкі ягоныя перажывуць, як i вершыкі іхнія таксама. Истинно, истинно говорю тебе... Малое суцяшэнне, канечне, — але што ж рабіць? Ты вось не абяцаеш мне ні ласкі, ні спагады, а я табе пішу, i мне добра, пішучы, i я забываю, што многа ёсць сіл i клопатаў, якія рвуць чалавека на часткі, i нават часу сабраць сябе зноў няма, не тое што спадзявацца, быццам некаму патрэбны твае шарыкі ды вінцікі.

Я ў апошнім пісьме, якое ты, калі адпісвала мне, мусіць, яшчэ не чытала, збаяўся якой-небудзь брыды — не за сябе, за цябе, а цяпер бачу, што трывога дарэмная — i дзякуй Богу!

„Чтиво” ты маё будучае ўсё ж сплануй — я пісаў сур'ёзна.

Не зразумеў, чаго паляцела ты ў Наваградак, — нейкая свое­вольная комета в кругу расчисленных светил. Узяла б лепш камандзіроўку ды на нашу браму зірнула: бачыш, рэўнасць ува мне загаварыла. Слаб человек. Я табе сур'ёзна кажу: хочаш апекавацца (нават хоць трохі), шукай мне добрую жонку, бо сам я, бачаць богі, не знайду. У Персію мяне ніхто не пусціць, на сцэнарныя курсы ў Маскву я не траплю, бо не маю ніякай драматургічнай жылкі, ні хэнці мець яе. У вёсцы жыццё яшчэ жарстчэй, сіберней, чым у горадзе (я гэта ведаю), а гаспадарыць я не ўмею. Да таго ж вось i разваж, што мне рабіць? Думай, даражэнькая, бо я перабраў у думках шмат чаго: нават на топшчыка ў Каралішчавічах меціў, ды, з аднаго боку, малады, незагартаваны п'яніца мару падкасіў [нечытэльна], з другога — Сцяп[ан] Зах[аравіч] той жа, дай Бог яму здароўя, раней за мяне там сабе маёнтак агораў.

Абавяжу лепш цябе пакуль пісаць мне праз дзень пісьмы i ў кож­ным даводзіць, што я цаца, што я харошы, мне мяне, як буду ісці ў суд на раздзел жылплошчы, хоць здалёк перажахнеш, што ў мой халасцяцкі пакой ката з парога ўкінеш, што кветкі на балконе, калі той будзе, прымусіш пасадзіць увесну, калі да вясны (о!) дажыву i калі паспею памяняць да той пары кватэру. О! Наогул, я не жартую, я праўду напісаў, што клопатаў у мяне будзе, як у Іцкі знаёмых.

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Бэзавы попел - Ала Сямёнава торрент бесплатно.
Комментарии
Открыть боковую панель
Комментарии
Сергій
Сергій 25.01.2024 - 17:17
"Убийство миссис Спэнлоу" от Агаты Кристи – это великолепный детектив, который завораживает с первой страницы и держит в напряжении до последнего момента. Кристи, как всегда, мастерски строит