Без ста гадоў на разгадку - Сяргей Балахонаў
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
— Ну, там пабачым, — як нічога ніякага выдала Света, пераходзячы да паведамлення ад фатографа.
Той прапаноўваў ёй зладзіць фотасесію ў яго хатняй студыі. Да таго ж, у самы бліжэйшы час. Г эта напружыла Арцёма. Сяброўка ведала фатографа ўсяго пару тыдняў і толькі завочна. Ніколі не бачыла яго жыўцом. Агульных знаёмых, якія маглі б нешта расказаць пра яго, у іх не было. Хлопец падцягнуў клавіятуру ў свой бок, перайшоў на старонку фатографа і адразу ж саркастычна чмыхнуў.
— Нікас Сулімаў? Гэта яго так сапраўды завуць? — удакладніў ён у дзяўчыны.
— А бог яго ведае, — паціснула яна плячыма. — Здаецца, што на ўсіх здымках, якія ён выкладае ў сябе на старонцы, стаіць акурат такі подпіс.
Казімірчык паспяшаўся зайсці ў фотаальбомы Сулімава. Стаў наўздагад адкрываць некаторыя з іх і хуценька пераглядаць змешчаныя там фатаграфіі. Звонку было цяжка зразумець, што так турбавала хлопца. Урэшце ён выдаў заўвагу:
— Нешта ў яго мадэлькі ўсе аднатыпныя. Падобныя між сабой.
Даброўская паматляла галавой, даючы зразумець, што яна не ў курсе гэтага і
нават ніколі не задумвалася. Сябар жа насамрэч толькі бегла пазіраў на твары сфатаграфаваных Нікасам дзяўчат. Яго заклапочанасць палягала ў іншым — ён спрабаваў высветліць, ці не робіць фатограф адмысловых фотасесій у жанры ню. Аднак, колькі яму ні давялося пераглядзець альбомаў (і пры гэтым удаваць абыякавасць!), усе адлюстраваныя на здымках мадэлі былі апранутымі.
— Ну, дык ты пойдзеш да яго? — закрываючы чарговы выпадковы альбом, удакладніў Арцём.
— Хочацца схадзіць, — зусім па-дзіцячы вымавіла дзяўчына. — Ён хоць нармальныя фоткі зробіць. А то што ў мяне тут.
Усё выглядала на тое, што ў дзяўчыны яшчэ не мінула эйфарыя ад перамогі на спаборніцтвах, якая перапляталася са зразумелым дзявочым жаданнем пакрасавацца. Пагатоў, работы фатографа выглядалі прафесійна, і можна было чакаць выразных, насычаных эмоцыямі, здымкаў.
— Ясна, — як мага больш нейтральна адрэагаваў баскетбаліст і тут жа дадаў яшчэ адно пытанне: — А да гісторыка таксама пойдзеш? Ён, дарэчы, зараз онлайн з тэлефона.
— Напішы, што я прыйду а трынаццатай гадзіне, каб проста паразмаўляць, — каб даць сябру лішні раз адчуць сябе гаспадаром становішча і збіць чарговую кепска прыхаваную хвалю рэўнасці, папрасіла Света.
Ён так і зрабіў, сапраўды адчуўшы ад гэтага пэўную палёгку. Настаўнік адказаў вельмі хутка, напісаўшы: «Прыходзь. Буду чакаць». Дзяўчына ўсміхнулася, быццам не проста прачытала адказ, а ўбачыла перад сабой настаўніка. Арцём скасавурыўся на яе і задаў чарговыя пытанні, нібыта ад пустое цікаўнасці:
— Як яго хаця б завуць, гэта твайго клёвага дзядзьку? І чаму ён падпісаны як «Horacio Oliveira»?
— Ён Віктар Андрэевіч. А нік сабе ўзяў па імені героя свайго любімага рамана, — растлумачыла плыўчыха і зноў, нібы няўзнак, адзначыла: — Ён сапраўды клёвы. Увойдзе ў становішча.
Апошняя фраза кальнула хлопца, і ён нават збіраўся на гэта кінуць нешта з’едлівае. Але сяброўка, своечасова адчуўшы гэта, прыгарнула яго да сябе і закрыла яму рот пацалункам.Пацалунак прыкметна разняволіў атмасферу. Толькі пасля гэтага Даброўская адказала фатографу. Пагадзілася на фотасесію, напісаўшы, што можа завітаць да яго сёння ж а чатырнаццатай гадзіне. Той неўзабаве кінуў ёй свой хатні адрас і спасылку на «гугл мапс» з дакладнымі каардынатамі яго дома. Выявілася, што гэта катэдж, які мясціўся ў прыватным сектары за пяць прыпынкаў ад школы. На спадарожнікавых здымках картаў «гугл мапс» можна было разгледзець нават дахоўку, якой быў укрыты яго дом. Дзяўчына адказала, што ўсё зразумела, і разам з тым на радасць свайго хлопца выставіла ўмову: ніякіх здымкаў з «галізной» ці нават намёкаў на іх. Сулімаў запэўніў, што шануе закон, што не стаў бы прасіць нічога падобнага ў непаўналетняй дзяўчыны і бла-бла-бла. Давялося паверыць яму на слова.
— Я заеду туды пасля трэніроўкі і забяру цябе, — не прапанаваў, а паставіў сяброўку перад фактам Арцём. — Спадзяюся, вы ўправіцеся там да пяці вечара.
— Я так сама на гэта спадзяюся, — у чарговы раз усміхнулася Света. — Зараз напішу яму, што ты пад’едзеш.
— Ай, не трэба, — запратэставаў хлопец. — Абыдзецца пан Нікас без тваіх лішніх справаздач.
— Які ж ты ўсё-ткі раўнівы, — не хаваючы ўсмешкі, паўшчувала яго дзяўчына.
Плыўчыха закрыла старонку сацыяльнай сеткі, устала з крэсла і кранулася
рукой рукі свайго любага баскетбаліста. Той таксама падняўся са свайго нацепленага месцайка.
— Ведаеш, — какетліва шаптала дзяўчына. — І да майго факультатыву, і да тваёй трэніроўкі яшчэ ёсць час. А гэта значыць, што мы можам.
Яна не змагла дагаварыць, бо яе перабіў гук мабільнага тэлефона. Званіла Насця Навіцкая. Света адразу ж прыняла выклік і ўжо на мігі патлумачыла хлопцу, з кім яна зараз мае размаўляць. Учорашняя суперніца прасіла сустрэцца. Арцём, пачуўшы гэта, прашаптаў: «Ды адпраў ты яе к чорту. Што ёй там яшчэ трэба?» Але сяброўка адмахнулася ад ягоных словаў. Яна выслухала нешматслоўную канкурэнтку і пагадзілася на сустрэчу з ёй, хаця тая толкам не патлумачыла нагоду. Сустрэцца запланавалі каля школы. Але дакладны час не прызначылі. Навіцкая яшчэ не ведала, калі ёй будзе зручней — да гадзіны ці пасля дзвюх. Дамовіліся, што яна патэлефануе Даброўскай у раёне полудня і ўдакладніць. «Ты толькі ўлічы, што я доўга не змагу з табой размаўляць», — папярэдзіла Святлана. Насця адказала, што не бачыць у гэтым праблемы.
Калі гутарка скончылася, Казімірчык стаў папікаць сяброўку за тое, што пагадзілася на гэтую сустрэчу. Ён быў перакананы, што не да чаго добрага яна не прывядзе. Казаў, што размова канкурэнтак абавязкова перарасце ў спрэчку пра вынік учорашніх спаборніцтваў. Даброўская паабяцала, што сваркі не дапусціць, і пацягнула хлопца да сябе.
3
Па дарозе на трэніроўку Арцём толькі і думаў, што пра свае адносіны са Светай. Сустракацца пачалі яшчэ тады, калі абодва вучыліся ў дзявятым класе. Мінула ўжо больш за два гады. Здавалася, што за такі час можна было расставіць і ўсе кропкі над «і», і пры жаданні нават птушкі над «ў». Ува многім яно так і было. Падлеткавая закаханасць перарасла ў палкае юнацкае каханне. І з першага погляду ўсё выглядала вельмі добра. Толькі парасткі рэўнасці з боку хлопца іншым разам за імгненне ператвараліся ў сапраўдную дуброву. Так, дзяўчына вельмі хутка ўтаймоўвала прыступы яго рэўнасці, але само пытанне нябачна прысутнічала.
Думкі пра рэўнасць і спадарожныя ёй рэчы зніклі, як толькі Арцём узяў мяч. Трэнер пашыхтаваў хлапцоў і абвясціў задачу на сёння, адразу адзначыўшы, што час трэніроўкі зацягнецца хвілін на трыццаць. Праз колькі дзён павінен быў адбыцца нечарговы таварыскі матч з расіянамі, і трэнеру хацелася трохі падшліфаваць гульню сваіх выхаванцаў. Казімірчык злёгку захваляваўся — было зразумела, што не зможа забраць сяброўку ад фатографа ва ўмоўлены час. Але ўзрасці гэтаму хваляванню не было калі. Пачалася размінка. Баскетбалісты камбінавалі розныя віды бегу — бег з захлістам, скрыжаваны бег. Рабілі паскарэнні. Потым былі практыкаванні на расцяжку. Каманда сядала на падлозе ў кола, выцягваючы пэўныя групы цягліц. Хто рукі цягнуў, хто ногі. Потым мяняліся. Рабілі гэта вельмі зладжана.
Пасля практыкаваліся ў вядзенні мяча правай і левай рукамі, вялі па два мячы, пераводзілі пад нагой, за спінай. Адпрацоўвалі кідкі, у тым ліку штрафныя і трохачковыя. Арцём па трохачковых кідках выявіўся найбольш удалым, заслужана атрымаўшы мянушку Снайпер. Добрыя вынікі цешылі хлопцава самалюбства. Настрой добра прыўзняўся. Працаваць у пары, робячы так званыя «абгульванні», было ўжо значна прасцей. Разам з самым падрыхтаваным таварышам па камандзе — каштанам — Казімірчык рухаўся ад аднаго краю залы да супрацьлеглага кальца. Пазней каманда падзялілася на тройкі, якія зноў жа адпрацоўвалі перадачы, але па значна больш складанай схеме. Гэта вымагала гранічнай уважлівасці. Думаць пра нешта яшчэ, апроч трэніроўкі, папросту не выпадала. Хаця цень нядаўніх думак усё яшчэ трымцеў у галаве. Калі ж пачалося шліфаванне гульнявых стратэгій і камбінацый, за якім пайшла ўласна гульня на два кальцы, ад таго ценю і найменшага знаку не засталося.
Трэніроўка атрымалася добрай і насычанай. Трэнер падзякаваў хлапцам, і тыя пацягнуліся ў распранальню. Арцём імгненна згадаў пра сваё спазненне і вырашыў патэлефанаваць Свеце, думаючы, што на яго мабільніку будуць прапушчаныя званкі ад яе. Прапушчаных званкоў не было. Хлопец таропка выбраў нумар Даброўскай у спісе нядаўніх тэлефанаванняў і пачуў са слухаўкі толькі тое, што абанент недасяжны. Такі паварот яго крыху ўзрушыў. Ён паспешліва прыняў душ, пераапрануўся, яшчэ пару разоў бясплённа паспрабаваў дазваніцца да каханай і подбегам накіраваўся на вуліцу. Шпаркай хадой дайшоў да прыпынку і ўскочыў у аўтобус — каб даехаць да прыватнага сектара, дзе жыў Нікас Сулімаў. Аўтобус ехаў надзвычай павольна, дый яшчэ спыняўся каля кожнага светлафора, патрапіўшы у «чырвоную хвалю». Казімірчык злаваўся і ўшчуваў сябе за тое, што не паехаў маршруткай. Зайшоў з тэлефона ў «кантакт», каб зірнуць, калі там апошні раз была Света. На яе старонцы было пазначана: «Была тут сёння а 14:00», а побач красавалася маленькая выява тэлефоннай слухаўкі. «Значыць, заходзіла якраз пасля факультатыву», — разважыў баскетбаліст, нават не звярнуўшы асаблівай увагі на тое, што з’явілася новае пасланне ад яго колішняй дзяўчыны: маўляў, сумуе па ім. Адно толькі чмыхнуў і выйшаў з інтэрнэту.