Казкi (на белорусском языке) - Ганс Андерсен
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Дом у яго быў у дваццаць разоў больш, чым домiк палявой мышы. Там было шмат вялiкiх пакояў i доўгiх калiдораў, але сонца нiколi не заглядвала туды. Крот цярпець не мог сонца i не любiў кветкi - ён жа нiколi iх не бачыў.
Дзюймовачку прымусiлi спяваць для важнага госця, i яна праспявала дзве песенькi, ды так добра, што крот адразу пакахаў яе. Але ён не сказаў нi слова - ён быў такi паважны i грунтоўны пан.
А потым крот пракапаў пад зямлёй доўгi падземны ход ад свайго дома да самай норкi палявой мышы i запрасiў старую мыш i Дзюймовачку прагуляцца па гэтым падземным ходзе.
Крот узяў у рот гнiлушку - у цемнаце ж гнiлушка свецiць нiбыта свечка - i пайшоў наперад, асвятляючы доўгi i шырокi калiдор. На паўшляху крот спынiўся i сказаў:
- Тут ляжыць нейкая птушка. Але вам яе няма чаго баяцца - яна мёртвая.
I крот прапхнуў сваiм шырокiм носам дзiрку ў столi - дзённае святло пырснула ў падземны ход, i Дзюймовачка ўбачыла мёртвую ластаўку. Гэта была сапраўдная птушка, з пер'ем i з дзюбай; яна, пэўна, памерла не так даўно, у пачатку зiмы, i ўпала ў норку крата.
Крылцы мёртвай птушкi былi моцна прыцiснуты да цела, ножкi i галава схаваны ў пёркi. Бедная ластаўка, пэўна, памерла ад холаду. Дзюймовачцы стала вельмi шкада яе, яна так любiла птушак - бо яны цэлае лета спявалi ёй свае цудоўныя песенькi. Але крот штурхануў ластаўку сваiмi кароткiмi лапамi i сказаў:
- Цяпер ужо не пасвiшчаш! Так, не хацеў бы я нарадзiцца вось такой птушачкай! Яна толькi i ўмее цырыкаць ды шчабятаць, а прыйдзе зiма - што ёй рабiць: памiраць з голаду i холаду. Вось ужо маiм дзецям зiмы не давядзецца баяцца.
- Так, так! - сказала палявая мыш. - Якая карысць ад гэтага цырыкання? Песнямi сыты не будзеш, цырыканнем зiмой не сагрэешся.
А Дзюймовачка маўчала, але калi крот i мыш павярнулiся да птушкi спiной, Дзюймовачка нахiлiлася да ластаўкi, рассунула пёркi i пацалавала яе прама ў заплюшчаныя вочы.
"Магчыма, гэта тая самая ластаўка, якая так цудоўна распявала летам, падумала дзяўчынка. - Колькi радасцi прынесла ты мне, мiлая птушка!"
Потым крот затыкнуў дзiрку ў столi i праводзiў старую мыш i Дзюймовачку дадому.
Ноччу Дзюймовачцы не спалася. Яна ўстала з пасцелi, спляла з сухiх былiнак вялiкi дыван, пайшла ў падземны ход i накрыла мёртвую птушку. Потым Дзюймовачка прынесла з мышынай норкi пушысты, мяккi мох i зрабiла з яго пасцельку, каб мёртвай птушцы было зручней ляжаць.
- Бывай, мiлая ластаўка! - сказала Дзюймовачка. - Бывай! Дзякуй табе за тое, што ты так дзiўна спявала мне летам, калi дрэвы былi яшчэ зялёнымi, а сонейка так слаўна грэла!
I яна схiлiла галоўку на грудзi птушкi i раптам спалохалася: яна пачула, як у грудзях ластаўкi штосьцi тукае. Гэта забiлася сэрца птушкi - яна была не зусiм мёртвая, а толькi скамянелая ад холаду. А цяпер яна сагрэлася i ажыла.
Дзюймовачка дрыжэла ад страху - бо птушка была проста велiканам у параўнаннi з такой крошкай. Але ўсё ж Дзюймовачка сабралася з духам, як мага шчыльней ухутала ластаўку дыванком, а потым збегала, прынесла лiсцiк мяты, якiм сама накрывалася, i накрыла iм галаву птушкi.
На наступную ноч Дзюймовачка зноў цiхенька прабралася да птушкi. Ластаўка ўжо зусiм ажыла, толькi была яшчэ вельмi слабай i ледзь-ледзь адкрыла вочы, каб паглядзець на дзяўчынку. Дзюймовачка стаяла перад ёй з кавалкам гнiлушкi ў руках - iншага лiхтара ў яе не было.
- Дзякуй табе, мiлая крошка! - сказала хворая ластаўка. - Я так добра сагрэлася! Хутка я зусiм папраўлюся i палячу на сонейка.
- Ах, - сказала Дзюймовачка, - цяпер так холадна, iдзе снег! Застанься лепш у сваёй цёплай пасцельцы, а я буду прыглядаць за табой.
Дзюймовачка прынесла ластаўцы вады ў кветкавым пялёстку i некалькi ячменных зярнятак. Ластаўка папiла i паела, а потым расказала дзяўчынцы, як яна паранiла сабе крыло аб цярновы куст i не магла паляцець разам з iншымi ластаўкамi ў цёплыя краi. Прыйшла зiма, стала вельмi холадна, i яна ўпала на зямлю... Больш ластаўка ўжо нiчога не помнiла, i як трапiла сюды, у падзямелле, яна не ведала.
Усю зiму пражыла ластаўка ў падзямеллi, а Дзюймовачка прыглядвала за ёй.
Нi крот, нi палявая мыш нiчога не ведалi пра гэта - яны ж зусiм не любiлi птушак.
Калi прыйшла вясна i прыгрэла сонейка, Дзюймовачка адкрыла тую дзiрку, якую зрабiў у столi крот, каб ластаўка магла паляцець.
Ластаўка спытала, цi не хоча дзяўчынка выправiцца разам з ёю - няхай сядзе ёй на спiну, i яны паляцяць у зялёны лес. Але Дзюймовачцы было шкада старую палявую мыш - яна ведала, што старой без яе будзе вельмi сумна.
- Не, я не магу паляцець з табой, - сказала яна ластаўцы.
- Бывай, бывай, мiлая дзяўчынка! - прашчабятала ластаўка i вылецела на волю.
Дзюймовачка паглядзела ёй у след, i слёзы закапалi ў яе з вачэй - вельмi палюбiла яна гэту птушку.
- Цвi-вiць, цвi-вiць! - крыкнула ластаўка i знiкла ў зялёным лесе.
А Дзюймовачка засталася ў мышынай нары. Цяпер ёй жылося вельмi дрэнна. Ёй зусiм не дазвалялi выходзiць на сонейка, а поле вакол норкi палявой мышы зарасло высокiм тоўстым калоссем i здавалася Дзюймовачцы дрымучым лесам.
I вось аднойчы прыйшоў стары крот i пасватаўся да Дзюймовачкi.
- Ну цяпер табе трэба рыхтаваць пасаг, - сказала старая мыш. - Ты выйдзеш за важнага пана, i трэба, каб у цябе ўсяго было ўдосталь.
I Дзюймовачцы давялося цэлымi днямi прасцi пражу.
Старая мыш наняла чатырох павукоў, i яны днём i ноччу сядзелi ў мышынай нары i ткалi розныя тканiны.
А тоўсты сляпы крот прыходзiў кожны вечар у госцi i балбатаў пра тое, што хутка лету канец, сонца не будзе пячы зямлю, i яна зноў стане мяккай i пульхнай. Вось тады яны справяць вяселле. Але Дзюймовачка ўсё сумавала i плакала: яна зусiм не хацела выходзiць за тоўстага крата.
Кожнай ранiцай на ўзыходзе сонца, i кожны вечар, калi быў заход, Дзюймовачка выходзiла на парог мышынай норкi; калi-нiкалi вецер рассоўваў каласы, i ёй прыпадала ўбачыць кавалачак блакiтнага неба.
"Як светла, як хораша тут, на волi!" - думала Дзюймовачка i ўсё згадвала пра ластаўку; ёй вельмi хацелася б пабачыцца з птушкай, але ластаўкi нiдзе не было бачна: пэўна, яна лётала там, далёка-далёка ў зялёным лесе.
I вось надышла восень. Пасаг Дзюймовачкi быў гатовы.
- Праз чатыры тыднi тваё вяселле! - сказала Дзюймовачцы старая мыш.
Але Дзюймовачка заплакала i сказала, што не хоча выходзiць за сумнага крата.
- Глупства! - сказала старая мыш. - Не ўпарцiся, а не то я ўкушу цябе сваiм белым зубам. Чым табе крот не муж? У самой каралевы няма такога чорнага аксамiтнага футра, як у яго. Ды i ў склепах у яго не пуста. Богу дзякуй за такога мужа!
Нарэшце надышоў дзень вяселля, i крот прыйшоў за сваёй нявестай. Цяпер Дзюймовачцы давядзецца перасялiцца ў крацiную нару, жыць глыбока пад зямлёй, i нiколi яна не ўбачыць сонца - крот нi за што не дазволiць ёй выходзiць з нары.
А беднай Дзюймовачцы было так цяжка назаўсёды развiтвацца з ясным сонейкам! I Дзюймовачка выйшла зiрнуць на сонейка ў апошнi раз.
Хлеб быў ужо сабраны з поля, i з зямлi зноў тырчэлi адны голыя, пасохлыя сцяблiны. Дзяўчынка адышла ад мышынай норкi далей i працягнула да сонца рукi:
- Бывай, сонейка, бывай!
Потым яна ўбачыла маленькую чырвоную кветку, абняла яе i сказала:
- Пакланiся, кветачка, ад мяне мiлай ластаўцы, калi ўбачыш яе!
- Цвi-вiць, цвi-вiць! - раптам пачулася над яе галавой.
Дзюймовачка падняла вочы i ўбачыла ластаўку, якая пралятала побач. Ластаўка таксама ўбачыла дзяўчынку i вельмi ўзрадавалася, а Дзюймовачка заплакала i расказала ластаўцы як ёй не хочацца выходзiць за тоўстага крата i жыць з iм глыбока пад зямлёй, куды нiколi не заглядвае сонейка.
- Ужо надыходзiць халодная зiма, - сказала ластаўка, - i я адлятаю далёка-далёка, у цёплыя краi. Хочаш ляцець са мной? Сядай да мяне на спiну, толькi прывяжы сябе мацней поясам, i мы паляцiм з табой ад брыдкага крата, паляцiм далёка, за сiняе мора, дзе сонейка свецiць ярка, дзе заўжды лета; цвiтуць дзiвосныя кветкi. Паляцiм са мной, мiлая крошка! Ты ж мiлая крошка! Ты ж выратавала мне жыццё, калi я замерзла ў цёмнай халоднай яме.
- Так, так, я хачу з табой! - сказала Дзюймовачка.
Яна села ластаўцы на спiну i моцна прывязала сябе поясам да самага вялiкага пёрка.
Ластаўка ўзвiнулася стралой i паляцела над цёмнымi лясамi, над сiнiмi марамi i высокiмi гарамi, пакрытымi снегам. Тут было вельмi холадна, i Дзюймовачка ўся схавалася ў цёплыя пёркi ластаўкi i высунула толькi галаву, каб дзiвiцца цудоўнымi месцамi, над якiмi яны праляталi.
Але вось i цёплыя краi! Тут сонца ззяла значна ярчэй, неба было ўдвая вышэй, чым у нас, а каля канаў i платоў вiўся цудоўны зялёны вiнаград. У лясах раслi лiмоны i апельсiны, пахла мiртамi i духмянай мятай, а па дарожках бегала вясёлая дзятва i лавiла вялiзных стракатых матылёў. Але ластаўка ляцела ўсё далей.
На беразе цудоўнейшага блакiтнага возера сярод зялёных кучаравых дрэў стаяў старадаўнi белы мармуровы палац. Вiнаградныя лозы абвiвалi яго высокiя калоны, а наверсе, пад дахам, ляпiлiся птушыныя гнёзды. У адным з iх i жыла ластаўка.
- Вось мой дом! - сказала ластаўка. - А ты выберы сабе самую прыгожую кветку ўнiзе, я пасаджу цябе туды, i ты будзеш жыць цудоўна.