Эстафета (на белорусском языке) - Василь Быков
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
"Дзе Бабiч?" - зноў скаланула яго забытая думка i кароткi забыты клопат за лёс узвода прымусiў напяцца i паварушыцца. "Што ж гэта такое?" свiдравала пачуццi нямое запытанне. "Забiты, забiты", - казаў нехта ў iм ягонымi думкамi, i невядома было, цi гэта пра Бабiча, цi пра яго самога. Ён разумеў, што з iм сталася нешта благое, але болю не адчуваў, толькi знямога скавала цела ды туман засцiў вочы, не даваў бачыць, цi ўдалася атака, цi выскачыў з парку ўзвод...
Пасля кароткага правалу ў свядомасцi ён зноў адчуў сябе i ўбачыў неба, якое чамусьцi ляжала ўнiзе, бы адбiвалася ў якiм агромнiстым возеры, а зверху на самую яго спiну навалiлася пляскатая роўнядзь плошчы з рэдкiмi целамi прылiплых да яе байцоў.
Ён паварушыўся, спрабуючы ўбачыць дзе каго жывога - плошча i неба загойдалiся, а калi астаялiся, ён назнаў кiрху, нядаўна атакаваную без яго. Цяпер там не было чуваць ужо стрэлаў, але з варот яе чамусьцi выбягалi аўтаматчыкi i беглi за вугал. Закiнуўшы голаў, сержант углядаўся, спрабуючы ўбачыць там Натужнага цi Ахметава, але iх не было, затое наперадзе ўсiх ля рога ён пазнаў свайго навiчка Тарасава. Прыгнуўшыся, гэты маладзенькi баец спрытна сiгаў да рога, спынiўся, зухавата замахаў некаму "сюды, сюды!" i знiк - маленькi i кволы побач з высачэзным гмахам кiрхi.
За iм пабеглi байцы, i на плошчы не засталося нiкога. Тады сержант напаследак уздыхнуў i неяк адразу i назаўсёды сцiх.
Да перамогi пайшлi другiя...
1959 г.