Не пi густога чаю (на белорусском языке) - Кузьма Черный
- Категория: Проза / Русская классическая проза
- Название: Не пi густога чаю (на белорусском языке)
- Автор: Кузьма Черный
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Черный Кузьма
Не пi густога чаю (на белорусском языке)
Кузьма Чорны
Не пi густога чаю
Загадчык рэгiстратуры выступаючых i ўступаючых папер у нейкай установе, Барыс Iванавiч Цэнтразыхер, выпiў два куфлi пiва i ўжо хацеў iсцi з пiўной, як раптам пачуў непадалёку недзе цiкавую гаворку. I самае галоўнае, дык гэта тое, што галасы былi як бы знаёмыя.
- У нашыя часы, Ферапонт Пятровiч, - чуўся недзе блiзка хрыпла-густы i нiзкi голас, - асоба ў гiсторыi нiякай ролi не грае, i больш нiчога я вам не кажу...
- З якiх гэта часоў пачалося? - запытаў другi голас, скрыпуча-павольны i вялы, як тандэтная кiлбаса.
- З якiх часоў гэта пачалося, точна вам указаць не магу, бо яшчэ пакуль што на занятках гуртка мы да гэтага не дайшлi, але даволi таго, што я канстатую факт, якi дамiнiруе над усiм, i загэтым тут нiякiм сiтуацыям думкi не павiнна быць месца.
- Значыць, наколькi я асмелюся думаць, тут iнструкцыя такая выйшла для няўхiльнага правядзення ў жыццё.
- Чаго не ведаю, таго не скажу.
- А пад якiм нумарам iнструкцыя была ў журнал заведзена?
- Пачцi што i не помню... Эй, гражданiн, давайце яшчэ па куфлi.
Барыс Iванавiч Цэнтразыхер, пачуўшы гаворку, высунуўся з-за стала, каб выгледзець, хто гэта ў пiўной вядзе такую сталую размову. Для гэтага яму прыйшлося агледзець некалькi блiжэйшых столiкаў.
- Чорт яго ведае, - сказаў сам сабе Цэнтразыхер, - вось i пазнай тут, хто гаворыць, калi за кожным столiкам усё такiя, вiдаць, людзi, якiя не могуць вырашаць такiя пытаннi.
Налева ад Цэнтразыхера, зусiм блiзка, сядзелi два рэпарцёры мясцовай газеты i трымалi ў руках нейкiя запiсачкi.
"Вось гэта яны, мусiць, i гавораць", - падумаў Барыс Iванавiч i прыгнуўся ў iх бок, каб слухаць.
- А я вам, таварыш Пастрочны, магу даказаць, - гаварыў нервова i рашуча адзiн рэпарцёр, махаючы рукамi перад носам другога, - што з гэтай вашай заметачкi больш не выйдзе, як дзесяць радкоў. Вы мне хоць кол на галаве чашэце, а я буду стаяць за сваё.
- Вы памыляецеся, таварыш Ганарарны, - апраўдваўся другi, - тут будзе сама менш пятнаццаць радкоў...
- А калi пусцiць яе на сем квадратаў, ды зрабiць чатыры абзацы, - не ўнiмаўся першы, - дык гэтая ваша заметка страцiць усякую цiкавасць...
"Ну, тут гавораць пра справы службовыя", - падумаў Барыс Iванавiч i перавёў вочы на другi столiк. Там цэлай кампанiяй вырашалася пытанне, дзе i як цяперашнiм светам трэба шукаць жонку, каб яна была самаю настаяшчаю жонкаю, а не лiха ведае чым.
"Ну, гэта народ дробны i адсталы, - падумаў Барыс Iванавiч, - яны аб ролi асобы ў гiсторыi гаварыць не будуць. Для iх гэта недаступна".
I, падумаўшы так, перавёў вочы i вушы зусiм направа. Там, пры самай сцяне, было цемнавата, i загэтым чалавечыя галовы злiвалiся з куфлямi пiва i трудна было ўгадаць - цi то гэта там на адну голаў прыходзiцца дзесяць куфляў, цi на адзiн куфель дзесяць галоў. Барыс Iванавiч прыслухаўся i, пачуўшы ўсяго некалькi галасоў, прыйшоў к пункту погляду, што там на аднаго чалавека прыходзiцца каля дзесяцi куфляў.
- У нашы часы, - чуўся адтуль голас, - рыфма ў вершах нiякай ролi не грае. Я неяк раз гаварыў з старшымi механiкамi па гэтай часцi, дык яны мне гэтае самае сказалi. Так што ты, калi гэта сур'ёзна задумаў узяцца сцiшкi сачыняць, дык звярнi на гэта ўвагу. Я табе раю як прыяцель, якi хоча табе дабра.
- Я гэта, братка, бачу, - пачуўся цiхi i нервовы голас.
"Ну, - махнуў рукою i ўсмiхнуўся Барыс Iванавiч, - не з маiм становiшчам па службе слухаць такiя рэчы. Я чалавек практычны i сталы".
"Ну, значыць, так i не давядзецца, мусiць, даведацца, хто гэта пра гiстарычныя тэмы гаворку разводзiў, - падумаў далей Цэнтразыхер, - а цiкава было б пабачыць сталых людзей. Трэба было б пазнаёмiцца з iмi".
На ўсякi выпадак Барыс Iванавiч падняўся са свайго месца i акiнуў вокам столiкi далей. I раптам сеў, застыўшы на адным месцы. Проста перад iм, за другiм столiкам, сядзелi рэгiстратары папер у яго аддзеле - рэгiстратар уступаючых папер Ферапонт Пятровiч Чарнiлюк i рэгiстратар выступаючых папер Павал Крамiнадавiч Чыстапiс - абодва пажылыя i сталыя мужчыны з акуратна пастрыжанымi чыноўнiцкiмi бародкамi.
- От табе i раз, - сказаў сам сабе цiха Барыс Iванавiч, - вось з iмi-то мне якраз тут не хацелася б сустракацца. Нявыгаднае дзела, калi аба мне сярод служачых пойдзе гаворка, што i я п'ю. На маiм месцы трэба лепш усяго выяўляць сябе за чалавека сучасных поглядаў - за чалавека, якi не п'е, карт не ведае, у Бога не верыць i не любiць мяшчанства. А тут яны мяне якраз могуць за куфлямi ўгледзець, гэта проста, значыць, папаўся я перад людзьмi, якiя нiжэй мяне стаяць. У старыя часы, калi я служыў у казённай палаце, нi разу не пападаўся, а гэта якраз папаўся. I перад кiм, каб хто папытаў?! А тут, лiха на яго, i выйсцi няма як - якраз мiма iх столiка праходзiць прыйдзецца. Трэба чакаць, пакуль яны першымi выйдуць.
Барыс Iванавiч адсунуў ад сябе куфлi, падпёр твар рукамi i пачаў супакойвацца.
"Добра, што хоць тут нейкi цемнаваты куток", - з'явiлася ў яго радасная думка, i ўжо зусiм прапала ў яго цiкавасць да той асобы, якая "ў нашы часы ў гiсторыi ролi не грае".
- ...Але скажэце вы мне, Павал Крамiнадавiч, нашто для нашага брата гэтыя гурткi ўведзены? - гарачыўся Ферапонт Пятровiч за куфлем пiва, як бы здаволены тым, што гаворка перайшла ў спрэчку. - Ну для чаго, скажам, вы на гэтым самым гуртку вывучаеце, што ў нашы часы асоба ў гiсторыi ролi не грае?!. Ды я каму хочаце скажу, што для нас гэта не мае жаднае маралi... I я зараз вам цвёрдым агрумантам перагэтае думкi свае: ну, скажэце вы, Павал Крамiнадавiч, на мiласць - ад таго, што асоба ў гiсторыi пакiнула ролю граць, вы паперы запiсваеце ў журнал зверху ўнiз цi знiзу ўверх? Парадак той самы, а загэтым для нас, скажам, рэгiстратараў, гэтыя гурткi, з такiмi пытаннямi, маюць такую цану, як асоба ў гiсторыi цi гiсторыя ў асобе... Я гавару пра сябе, скажам...
Ад пiва галава ў Ферапонта Пятровiча звесiлася ўнiз, намокшыя вусы пераблыталiся з барадою, а вочы зрабiлiся як мокры попел. Павал жа Крамiнадавiч яшчэ не паддаваўся - усё абцiраў хустачкаю пад носам ды падпiраў леваю рукою бок.
- Што вы тут, Ферапонт Пятровiч, панiку наводзiце, - накiнуўся ён на Чарнiлюка, - з вас крытык усё роўна, як з нашага кур'ера марксiст. Нашто вам гаварыць аб тым, аб чым вы нiчога не ведаеце. Гурток патрэбен i должан быць!
- Але нашто?
- Аб гэтым можна i не пытаць. Брыдка пытаць аб гэтым у нашы часы. Патрэбен, дый усё тут!..
- Даўней, аднак, нiякiх гурткоў гэтых не было, а паперы ў журнал яшчэ больш акуратна запiсвалiся, чым цяпер!..
- Што вы даўнейшае памiнаеце?! Даўней гiсторыя ў асобе, значыць, гэтае, а цяпер зусiм iншае... Вам яшчэ, як бачу, трэба павучыцца!..
- А вы б, Ферапонт Пятровiч, чым вучыць сталых людзей, адвучылi б сваю жонку ад несучасных мяшчанскiх прывычак...
Ферапонт Пятровiч раптоўна падняўся, растапырыў рукi i, трагiчна пакiваўшы галавою, уставiў свае вочы ў твар Паўла Крамiнадавiча.
- Калi ўжо справа дайшла да жонкi, - закрычаў Чарнiлюк, - то я вам павiнен сказаць, што як вы сабе нi перагэтае!..
I раптам змоўк Ферапонт Пятровiч Чарнiлюк. Змоўк, а твар яго сабраўся ў змаршчакi, яшчэ больш пачырванеў, губы папрабавалi выявiць ухмылку, ды не маглi. I сеў Ферапонт Пятровiч, уткнуўшыся носам у стол.
- Што вы там такое ўгледзелi? - запытаў шэптам Павал Крамiнадавiч.
Запытаў i падняўся, паглядзеў туды, куды глядзеў Ферапонт Пятровiч, i таксама сеў, прыцiхшы.
Там, у цемнаватым кутку, угледзелi яны нешта такое, што пачало зварачаць iм цвярозасць.
I Ферапонт Пятровiч Чарнiлюк, i Павал Крамiнадавiч Чыстапiс у кутку за столiкам убачылi ўскудлачаную галаву i вастраносы твар Барыса Iванавiча Цэнтразыхера. Абодва яны зараз жа селi i, забыўшы асобу ў гiсторыi i мяшчанскiя погляды на жыццё жонкi аднаго з iх, зрабiлiся вялiкiмi прыяцелямi адзiн аднаму.
- От, каб яго агнi спяклi! - загаварыў цiхенька Ферапонт Пятровiч, прыгнуўшыся да Паўла Крамiнадавiча, - да таго шкода патрачанага часу i энергii, проста крыўднае дзела... Збiраўся, збiраўся, хадзiў-хадзiў на гэтыя сходы, i раптам усе дуды аб землю.
- Чаму, што? - прашаптаў зусiм ужо спалоханы Павал Крамiнадавiч.
- Гэта ж такая справа ў мяне выходзiць. Значыць, пачаў прыглядацца да людзей, уваходзiць думкамi i смякалкай у жыццё, ды адзiн раз i гавару дома вечарам жонцы: "Так i так, кажу, а цi не пачаць мне паступаць, кажу, у партыю. Дзякуй Богу, пара, час спакойны, цяпер самы раз паступаць; абы толькi як Бог памог убiцца туды". "А што ты думаеш, - адказвае мне жонка, выгаднае дзела, тады зусiм iнакшы вiд будзем мець". "Вагу тады я буду ў сабе мець", - падумаў я. А тут якраз мой добры знаёмы канторшчык на жалезнай дарозе Гiцмаржовiнскi гэтае самае задумаў, мне ва ўсiм прызнаўся i паехаў у Екацярынаслаў паступаць у партыю; дык мяне калi возьме яшчэ большая ахвота! "Ну, думаю, калi Бог дасць здароўе - неўзабаве буду ў партыi састаяць". Зараз пачаў зарэкамендоўваць сябе - сходы там усякiя, скромнасць, пашана да старшых, бiлеты сабе i жонцы на спектакль, калi ён ставiцца на карысць прафсаюзаў, ды цi мала чаго. "Абы, адно, Бог даў здароўе", - думаю сабе... А гэта якраз сягонняшнi вечар, каб ён згарэў, каб ён, усё сапсаваў - гэта ж Барыс Iванавiч Цэнтразыхер сам таксама ў партыю хоча, i здаецца мне, што скарэй за мяне паступiць, а, паступiўшы, мне ходу не дасць, бачыўшы мяне за куфлямi...