Категории
Самые читаемые
RUSBOOK.SU » Проза » Проза » Сьцяна (на белорусском языке) - Сократ Янович

Сьцяна (на белорусском языке) - Сократ Янович

11.03.2024 - 06:01 0 0
0
Сьцяна (на белорусском языке) - Сократ Янович
Описание Сьцяна (на белорусском языке) - Сократ Янович
Читать онлайн Сьцяна (на белорусском языке) - Сократ Янович

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 35
Перейти на страницу:

Янович Сократ

Сьцяна (на белорусском языке)

Сакрат Яновiч

Сьцяна

Раман

У нашым калодзежы, у Каралёўшчыне, калiсьцi

злавiлi дзiўнага шчупака - амаль бяз тулава ды

зь вялiзнай галавою. Ён, вiдаць, рос у голадзе...

(З успамiнаў Мацi)

1

Сьцяпан Сумленевiч глядзеў у вакно.

Выпаў першы сьнег, i было сьветла, добра. Невысока кружылася птушка, голуб. Беляхцелi пярэстыя дахi складаў, пабудаваных на пустэчы, на якой, як казалi старыя людзi, знаходзiлiся могiлкi. На панадворку блiзкага будынку зграя дзяцей бiлася сьнежкамi й адтуль, час ад часу, даляталi вывiскi радасьцi.

Сумленевiч, заклаўшы рукi за сьпiну, прайшоўся па пакоi, абмiнаючы вялiзны пiсьмовы стол, крэслы. Гэты сьнег доўга не паляжыць, мiжвольна думаў ён. Яшчэ - зарана. Будзе тапелiца, балота на тратуары. Стане iмгла, ад якой сонна й невыносна абыякава...

Ён адчуваў сябе неспакойна. Першы раз ахапiла яго так моцнае пачуцьцё неспакою, якое - баяўся таго - было блiзкае страху. Не знаходзiў ён выразных прычынаў, якiя тлумачылi-б гэткi стан духу. Вышукоўваў адну прычыну, галоўную.

Кiра, вядома, мела рацыю, калi ўчора наракала, што Сьцяпан рэдка бывае дома. Ён i сам зьдзiўлены тым, што яно, сапраўды, так ёсць. Прадумаўшы, дзень за днём, цэлы тыдзень, ён усьвядомiў сабе, што яго чамусьцi не прыхiляе да жонкi. Бачыў у ёй усяго нейкую цiхую прыстань пасьля турботнага дня, ня болей. Да ягонай сьвядомасьцi даходзiла гэта цяжка, як бы з натугай. Зь вялiкай неахвотай.

Лагодныя вочы Кiры засмучона глядзелi на Сьцяпана. У iх было, можа, больш заклапочанасьцi... Гаварыла яна пра яго здароўе, пра тое, што ён крычыць праз сон, беспрытомна кiдаецца ў пасьцелi, пацее да ўмакрэласьцi. Прасiла, каб схадзiў да лекара. Яе жаночая мудрасьць у штодзённых справах нават прыгнявiла Сьцяпана, але ён прыкiнуўся дабрадушна-паслухмяным, паабяцаў ёй. Да лекара, фактычна, трэба яму пайсьцi: мо ў аўторак? Не, у сераду.

Яна ня ведала пра забойства сакратаркi.

Пры распазнаньнi трупа пачаўся ў яго галаўны боль, працяглы й тупы, якi ўжо колькi дзён не сьцiхае. Дзяўчына загiнула ва ўласнай кватэры, ля Выгодаўскай. Яе цела, аголенае й жахлiва пакалечанае, ляжала на атаманцы; з глыбока парэзаных грудзей пакрысе выцякала кроў; бзычэла агiдная зеленаватая муха. На падлозе, на крэслах i на гасьцiнна застаўленым стале цяляпалiся шматкi адзеньня; дзяўчыну згвалцiлi. Яна, напэўна, баранiлася, што разьлютавала бандытаў - iх было трох. Капiтан дапускае, што, прынамсi, адзiн зь iх быў добра знаёмы ёй. Сьцяпан ня чуў пра тое, цi ў сакратаркi быў жанiх.

Была яна, несумненна, прыгожай. I даволi iнтэлiгентнай. Прытым - бойкай, такой борздай у дзеяньнi, трошкi нэрвовай. Якраз адпаведнай для свае працы. Кiра - калi параўноваць - усяго мiлая кабетка, i нiчога больш. "У такой сытуацыi яны зрабiлi-б зь ёю, што захацелi-б, i яна засталася-б жывою", Сумленевiч з прыкрасьцю падумаў пра жонку.

Ён чакаў вiзыту капiтана. Патрэбна дакладна расказаць яму, што ведаў пра нябожчыцу. Парабiў сабе занатоўкi: няшмат. Мала мог паведамiць сьледчаму. Калi чалавек жыве, дык, здаецца, вядома нам пра яго амаль усё. Толькi потым аказваецца, што ведалi мы пра дробязi, пра пылiнкi ад iснаваньня, якое згасла. У Сумленевiча зараз склалася падазрэньне, што сакратарка спэкулявала. Некалькi разоў, бадай, тры, ён незнарокам пачуў яе размовы па тэлефоне, якiя запамяталiся яму не сваёй двухзначнасьцю або наiўнай зашыфраванасьцю, але настойлiвым старгоўваньнем чагосьцi. Досыць сварлiвыя размовы. Ён пакутлiва намагаўся ўспомнiць iх зьмест.

Ён наўрад цi зможа дапамагчы капiтану ў разблытаньнi гэтай справы. Гутарка зь iм зойме яму час, працягнецца да вечара, i Кiра скажа, прывiтаўшы мужа ў дзьвярох кватэры: "Хадзi есьцi".

Вiзыт капiтана й злосьць Кiры будуць дзьвюма справамi, якiя вырашаць пра зьмест i настрой сёньняшняга дня. Мо й няма сэнсу гаварыць пра гэта, але дзень арганiзоўваюць пераважна дзьве справы, часам значныя. Як бель i чэрнь. Адчуваньне стомы зьнiкне ў Сумленевiча позьнiм вечарам, недзе пасьля дзевятай гадзiны, калi жонка, задрамаўшы перад тэлевiзарам, прачнецца ад прахалоды й загаворыць пра тое, што час кладавiцца спаць. Гэта выклiча ў iм грымасу пратэсту, маўклiвага, стоенага ў сабе. Яму тады захочацца папрацаваць, прадумаць заўтрашнi дзень, i ён доўга ня зможа заснуць; Кiра, iншы раз, храпе, праўда, няголасна, можна сказаць, далiкатна. На заслоненым акне мiгцiць барвовае зарыва вулiчнага нэону, замацаванага на шчыце суседняга будынку. Блiскi ад яго чамусьцi нагадваюць пацешлiвую бегатню хлопцаў i дзяўчатаў на беразе рэчкi, у якой купаюцца яны перад захадам сонца ў летнi адвячорак. Уяўленьне таго дае супакой i, не iнакш, таму яно прыемнае - асаблiва калi забрэша сабачаня, зь якiм Кульгавая Зоська, мацi пачынаючай прастытуткi, выходзiць на двор.

Вельмi добра, што Кiра не здагадваецца пра няшчасце, якiм вымушаны, няхай сабе й часткова, займацца Сьцяпан. Ён упэўнены ў тым, што за яе словамi зацiкаўленьня й спачуваньня штораз блiжэй хавалася-б падазронасьць. Тое надта няўлоўнае чуцьцё недаверу, якое называюць, хiба залiшне, падазронасьцю, як быццам першую прыступку назваць цэлай лесьвiцай.

Капiтан не зьявiўся ў дамоўленую гадзiну, спазьнiўся; ён колькi хвiлiнаў наракаў на недахоп часу, на звалку работы, i заўзята гладзiў парадчэлыя валасы, якiя па-кавалерску ўпрыгожвалi ягоны высокi лоб. Сумленевiч, не чакаючы, пачаў яму расказваць. Сьледчы выслухаў яго даволi безуважлiва й папрасiў характарыстыку - як гэта сказаў ён - нарыс псыхалягiчнага партрэту нябожчыцы. Размова атрымалася нецiкавай.

- Ну, хоць раз вярнуўся ты дамоў як чалавек, - гаварыла Кiра, рыхтуючы абед. Сьцяпан мыў рукi ва ўмывальнiку; намочаным ручнiком нацiраў карак, каб пазбыцца мiгрэны. Ня слухаў жонкi, надакучлiва дбайнай пра яго, i нават пашкадаваў таго пачуцьця задаволенасьцi, зь якiм iшоў з працы. Нёс дахаты гэтую сваю выпадковую пунктуальнасьць, бы падарунак для Кiры. Яна, усё-такi, старэе... - Цi ты, Сьцёпа, яшчэ любiш мяне? - яна выключыла полымя газу пад патэльняй, на якой смажылiся катлеты. Не азiрнулася. - Цi я патрэбная табе?

- Ты, Кiра, лепш дай мне есьцi, - паморшчыўся Сьцяпан. - Давай мы паабедаем, - ён сеў за супрацьлеглы канец стала. Яму хацелася есьцi, i ён таму баяўся, каб ня выбухнуць злосьцю.

"Чорт падкусiў мяне купiць касьцюм!" - нездаволена падумаў пра пiнжак, якi выдаўся яму цяжкiм i нязграбным. (Набыты за танную цану ў "Цэнтралi".)

- Падсмажыць цыбульку, Сьцёпа? - Кiра быццам раздумала сказаць Сьцяпану важнейшае.

- Нашто? Сядай, урэшце, - ён узяўся нарэзаць хлеба. - Пакуль насмажыш цыбулi, дык усё выстыне, - лусты крышылiся яму, пачарсьцвелыя.

Маўклiва паабедалi. Ён азваўся толькi раз. ("Кiра - зноў забуду сказаць табе - трэба пападлiваць вазонiкi на акне, цёплай вадою, каб карэньчыкi не пагнiлi...")

Потым пагаварылi спакайней.

- Што чуваць, Сьцёпа, на працы?

- Нiчога асаблiвага: бавiм час да вечара...

- Ты, бачу, чамусьцi не ў гуморы.

- Хто яго ведае... Нейкая стома напала на мяне.

- Мала сьпiш: трэба мiнiмум восем гадзiнаў, Сьцёпа.

- Трэба.

- Зноў прасядзiш паўночы..

- Не прасяджу...

- Так далей нельга, Сьцёпа.

- Чаго нельга, Кiра?

- Сьцёпа, чаму ты ня слухаеш мяне? - у яе памутнеў голас. - Зачыняесься ў кухнi ды сядзiш у ёй да раньня.

- Не да раньня, Кiра. Часам, здарыцца, да адзiнаццатай... - Гэта была няпраўда. Ён ужо колькi месяцаў кладавiўся спаць пасьля дванаццатай. (Яму, звычайна, ня спалася.)

Вярнуўшыся дамоў, ён з улюбёнасьцю наводзiў парадкi ў пакоях. Зьбiраў, рукамi, сьмяцiнкi на дыванах, сьцiраў шматкаю пыл з падлогi й парэнчаў фатэляў, перавешваў адзеньне ў шафах, чысьцiў абутак, мыў пасуду й гаршкi, дапамагаў Кiры ў гатаваньнi абеду, калi яна не пасьпявала зь iм на час, хадзiў у склеп па бульбу й моркву (тамака ён, а як-жа, даводзiў да геамэтрычнага ладу на палiцах са слоiкамi павiдлаў i бутэлькамi самаробнага вiна), выносiў сьмецьце. Снаваў зь цяжкай задумёнасьцю, а калi гаварыў, дык пра глупствы. Кiра не прыкмячала таго, што Сьцяпан нечым заклапочаны...

Сумленевiч падумваў аб тым, цi ня лепш было-б яму зьмянiць месца працы.

Прадчуваў: роздумы зьяўляюцца пастановай. Хаця-б таму, што выклiкалi яны ў iм супакоенасьць або й захапленьне, ад якога ўставаў ён са звычнага крэсла й хадзiў з кута ў кут. Патрэбна было яму вышукаць прычыну, апраўданьне... Не знаходзiў яе. Яго шанавалi, супрацоўнiкi й начальства, як ураўнаважанага чалавека, якi здолее знайсьцi выйсьце з кожнай, здавалася-б, бязвыхаднай сытуацыi; як таго, якi не падвядзе. Называлi Сумленевiча сапраўдным камунiстам, пакеплiваючы, бо ён не зьяўляўся членам парты!...

2

Штосьцi ня ладзiлася ў Сумленевiча. У сераду, пад канец дня, яму званiў капiтан. Забойства сакратаркi, калi думаў аб iм, навейвала на Сумленевiча сум, ад якога ён страчваў здольнасьць штокольвек разумець. Гэта было неяк падобнае да задуманых iм пошукаў новай працы. Невытлумачальнае спараджала якоесьцi адранцьвеньне, тупую, быццам зубны боль, дрымоту.

Кадравiк прыйшоў з кандыдаткай на сакратарку. Не прыглядаючыся да яе, Сьцяпан падумаў, што сьмерць можа быць i радасьцю... Стаяла перад iм жанчына рэдкай прыгажосьцi, бадай, маладзiца, якой жадалася мець свае грошы, чаго, зрэшты, яна не затойвала.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 35
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Сьцяна (на белорусском языке) - Сократ Янович торрент бесплатно.
Комментарии
Открыть боковую панель
Комментарии
Сергій
Сергій 25.01.2024 - 17:17
"Убийство миссис Спэнлоу" от Агаты Кристи – это великолепный детектив, который завораживает с первой страницы и держит в напряжении до последнего момента. Кристи, как всегда, мастерски строит