Жулi Рамэн (на белорусском языке) - Мопассан Де
- Категория: Проза / Проза
- Название: Жулi Рамэн (на белорусском языке)
- Автор: Мопассан Де
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Де Мопассан Ги
Жулi Рамэн (на белорусском языке)
Гi дэ Мапасан
Жулi Рамэн
Пераклад: Сяргей Мурашка
Два гады таму, увесну, я вандраваў па беразе Мiжземнага мора. Цi ёсць што лепшае, як марыць, калi шпарка iдзеш па дарозе? Вам свецiць сонца, вас лашчыць вецер, а побач - горы i мора! I вы марыце! Колькi летуценняў, успамiнаў пра каханне, колькi прыгод згадвае вандроўная душа за дзве гадзiны дарогi! Ласкавы цёплы вецер напаўняе вас няяснымi радаснымi надзеямi, вы п'яце iх разам з паветрам, i яны нараджаюць у вашай душы прагу шчасця, якая расце ад голаду, абуджанага дарогай. Iмклiвыя прыемныя думкi лётаюць i спяваюць, як птушкi.
Я iшоў па гэтым доўгiм шляху, якi вядзе ад Сан-Рафаэля да Iталii, падобны на велiчны i зменлiвы тэатральны дэкор, створаны быццам для таго, каб на яго фоне ставiць усе зямныя паэмы пра каханне. I мне думалася, што ў гэты край ад Канаў, дзе выхваляюцца багаццем, да Манака, дзе гуляюць, - людзi едуць толькi каб пафанабэрыцца i распусцiць грошы, каб пад гэтым прыгожым небам, сярод ружаў i памеранцаў пладзiць самыя брыдкiя заганы, дурныя намеры, ганебную пажадлiвасць i выказаць дух чалавечы такiм, якi ён ёсць - рабскi, цёмны, марны i хцiвы.
Раптам у глыбiнi адной з тых маляўнiчых заток, што хавалiся за кожным пагоркам, каля падгор'я, я заўважыў чатыры цi пяць вiлаў, якiя глядзелi вокнамi на мора. За iмi ў дзвюх дрымучых i, пэўна, непраходных лагчынах шумелi векавечныя ялiны. Хараство аднае хаткi спынiла мяне: белы дамок з карычневымi панелямi да самага даху апавiлi ружы.
А сад! Барвяны абрус кветак i траў стракацеў на зямлi ў гарэзным свядомым беспарадку. Газон таксама тануў у фарбах, абапал прыступак духмяна цвiлi кветкi, з вокнаў на сляпуча-белы фасад ападалi блакiтныя i бурштынавыя гронкi, а на тэрасе з каменнымi балясамi над уваходам раслi гiрлянды вялiкiх, пунсовых, як кроплi крывi, званочкаў.
Доўгая расквiтнелая аранжарэя за домам вяла ў бок падгор'я.
На дзвярах дробнымi залатымi лiтаркамi было выведзена: "Вiла Мiнулага".
Я спытаўся ў сябе, якi паэт, якая чараўнiца жылi ў iм, чыя натхнёная самотная душа натрапiла на гэты куток i пабудавала тут казачную хатку, якая нiбы расла ў аправе з кветак.
Крыху далей на дарозе працаваў каменячос. Я спытаўся ў яго, хто гаспадар гэтага чароўнага дыямента. Той адказаў:
- Панi Жулi Рамэн.
Жулi Рамэн! Калiсьцi ў дзяцiнстве я столькi чуў пра яе, вялiкую акторку, сапернiцу Рашэль.
Нiводную акторку так не любiлi, нiводную жанчыну так не кахалi! Колькi дуэляў i самагубстваў праз яе, колькi прыгод i скандалаў! Якi ж цяпер год спакуснiцы? Шасцiдзесяты, сямiдзесяты, семдзесят пяты? Жулi Рамэн! Тут, у доме! Жанчына, якую абагаўлялi самы вялiкi музыкант i самы славуты паэт нашай краiны! Я памятаю, калi мне было дванаццаць, у Францыi грымнулi чуткi пра яе ўцёкi на Сiцылiю з адным пасля шалёнага разрыву з другiм.
Аднаго вечара, пасля прэм'еры, калi зала пляскала ёй паўгадзiны i выклiкала на паклоны адзiнаццаць разоў, яна, як гэта рабiлася ў той час, села ў паштовую карэту разам з паэтам i паехала. Яны пераплылi мора i кахалiся на старажытнай выспе, дачцэ Элады, у засенi неабсяжнага апельсiнавага гаю, якi атуляе Палерма i завецца "Залатая Ракавiна".
Гаварылi пра iх узыход на Этну, пра тое, як абняўшыся яны схiлялiся над вогненным жаралом, быццам хацелi кiнуцца ў агнядышную зеўру.
А паэт памёр i пакiнуў нашчадкам мройлiвыя вершы, чыя пранiкнёнасць чаравала цэлае пакаленне, а летуценнасць i загадкавасць паказалi новыя шляхi пачаткоўцам.
Кампазiтар таксама пайшоў ад нас, кiнуты тою, каму ствараў бессмяротную музыку, музыку перамогi i роспачы, музыку болю i гневу.
А яна, яна была тут, у дамку сярод кветак.
Я не стаў вагацца i пазванiў.
Мне адчынiў маленькi, гадоў васемнаццацi слуга, нягеглы, з нязграбнымi рукамi. Я напiсаў у вiзiтцы шляхетны камплiмент i выказаў гарачае жаданне пазнаёмiцца. Магчыма, акторка чула маё iмя i прыме мяне.
Слуга пайшоў i неўзабаве паклiкаў мяне за сабой; я апынуўся ў чыста прыбраным строгiм пакоi ў стылi Луi-Фiлiпа, абстаўленым цяжкай халоднай мэбляй, з якой маладая шаснаццацiгадовая пакаёўка здымала чахлы, выказваючы пашану да госця.
Я застаўся адзiн.
На сценах вiселi тры партрэты: акторкi ў нейкай ролi, паэта, адзетага ў даўгi прыталены сурдут i ў кашулi з жабо тагачаснае моды, а таксама музыкi за клавесiнам. З яе партрэта, выкананага ў стараннай, дакладнай, вытанчанай i сухой манеры, мне ўсмiхалiся блакiтныя вочы мiлай, капрызнай жанчыны.
Усе яны, здавалася, ведалi свой лёс.
Адусюль веяла мiнулым i даўнiной, усё нагадвала людзей, якiх больш няма.
Дзверы адчынiлiся, i ў пакой увайшла маленькая старэнькая жанчына. Валасы яе, зачасаныя на роўны радок, i нават бровы былi сiвыя, i яна нагадвала iмклiвую жвавенькую мышку.
Яна падала мне руку i сказала маладым, гучным i высокiм голасам:
- Дзякую, пане. Вельмi прыемна, што сённяшнiя мужчыны не забываюцца на колiшнiх жанчын. Сядайце.
Я расказаў, як мяне прывабiў яе дамок, як я даведаўся пра iмя гаспадынi i пасля ўсяго не змог адолець жадання пазванiць у дзверы.
Яна адказала:
- Мне больш за ўсё прыемна, пане, што вы - першы, хто вось так завiтаў сюды. Калi я ўбачыла вашу вiзiтку i прачытала дарагiя сэрцу словы, я задрыжала, нiбы да мяне завiтаў стары сябар, якi памёр гадоў дваццаць таму.
Я сама ўжо даўным-даўно мёртвая, пра мяне нiхто не думае i не згадае да таго дня, калi я пайду на скон; вось тады ўсе часопiсы цэлыя тры днi будуць гаварыць пра Жулi Рамэн. У iх будуць анекдоты, iнтымныя падрабязнасцi, згадкi i ўзнёслыя прамовы. А пасля - нi слова.
Яна змоўкла i, памаўчаўшы, сказала:
- Доўга чакаць не прыйдзецца. Некалькi месяцаў, колькi дзён, i ад гэтай, пакуль жывой старэнькай жанчыны застанецца адно маленькi шкiлет.
Яна паглядзела на свой партрэт, якi ўсмiхаўся сваёй старой жывой карыкатуры; паглядзела на мужчын - на пагардлiвага паэта i натхнёнага музыканта, якiя быццам казалi адзiн аднаму: "Чаго хоча ад нас гэта старая руiна?"
Невымоўная, пякучая, неадольная туга сцiснула мне сэрца, туга па колiшнiх людзях, чые ценi б'юцца часам ва ўспамiнах з тым самым адчаем, што i чалавек у глыбокiм вiры.
З свайго крэсла я бачыў дарогу, па якой з Нiцы ў Манака праносiлiся блiскучыя экiпажы. У iх сядзелi маладыя, прыгожыя, багатыя, шчаслiвыя жанчыны з вясёлымi задаволенымi мужчынамi. Яна перахапiла мой позiрк, здагадалася, пра што я думаю, i прашаптала з пакорлiвай усмешкай:
- Цяжка жыць i ведаць, што скончыўся твой час.
Я сказаў:
- Якое добрае жыццё было ў вас!
Яна цяжка ўздыхнула:
- Добрае i лёгкае. Вось чаму я так смуткую па iм.
Я зразумеў, што ёй хацелася расказаць пра сябе, i вельмi далiкатна, быццам дакранаўся да незагоеных ран, пачаў распытваць.
Яна расказала пра свае радасцi i нягоды, пра сяброў i пра ўсё сваё пераможнае жыццё.
- Самай вялiкай радасцю, сапраўдным шчасцем вы абавязаны тэатру?
Яна не задумваючыся адказала:
- О не!
Я ўсмiхнуўся, а яна сумна паглядзела на два партрэты i дадала:
- Iм.
Я не вытрымаў i зноў спытаўся:
- Якому?
- Абодвум. Мая старая памяць нават блытае iх, а што да аднаго, дык мяне i сёння мучыць сумленне.
- Тады, панi, шчасцем вы абавязаны не iм, а каханню. Яны былi толькi носьбiты яго.
- Можа. Але якiя!
- А не думаецца вам, што звычайны, а не вялiкi чалавек мог бы гэтаксама i нават мацней кахаць вас? Ён бы ахвяраваў вам усё сваё жыццё, сэрца, думкi, увесь свой час i сваю сутнасць, а гэтыя ахвяравалi вам дзвюх страшных сапернiц, Музыку i Паэзiю?
Яна закрычала iмпэтным, маладым голасам, ад якога мацней забiлася сэрца:
- Не, пане, нiколi. Можа, такi чалавек i кахаў бы мацней, але не так, як яны. О! Яны так маглi спяваць песню кахання, як нiхто на свеце! Як п'янiлi мяне iх прызнаннi! Хiба знойдзецца на свеце чалавек, хто б здолеў музыкай i словам выказаць тое, што казалi яны? Цi варта кахаць, калi не можаш укласцi ў каханне ўсю музыку i паэзiю зямлi i неба? А яны, яны ведалi, як словамi i песняй зачараваць жанчыну! О! Можа, i было ў нашым каханнi больш уяўнага, чым сапраўднага, але мара ўзносiць у неба, праўда заўсёды пакiдае на зямлi. Хай сабе iншыя i кахалi б мяне мацней, усё роўна толькi праз iх я зразумела, пачула, палюбiла каханне!
I неспадзявана яна заплакала.
Яна плакала моўчкi, плачам адчаю.
Я зрабiў выгляд, што нiчога не заўважаю, i глядзеў у акно.
Праз некалькi хвiлiн яна зноў загаварыла:
- Разумееце, амаль ва ўсiх людзей душа старэе разам з целам. Я выключэнне. Майму бядачаму целу шэсцьдзесят дзевяць, а сэрцу - дваццаць. Вось чаму я жыву зусiм адна сярод кветак i ўспамiнаў...
Мы доўга сядзелi моўчкi. Яна супакоiлася i з усмешкай сказала:
- Вы будзеце смяяцца з мяне, калi я скажу... калi скажу, чым я занятая ў пагодныя вечары!.. Мне сорамна i шкада самой сябе.
Як я нi распытваў у яе, яна не хацела прызнацца, чым займаецца; тады я ўстаў i пачаў развiтвацца.
Яна ўскрыкнула:
- Так рана!
I калi пачула, што мне трэба вячэраць у МонтэКарла, яна нерашуча спыталася: