Категории
Самые читаемые
RUSBOOK.SU » Проза » Проза » Падзенне (на белорусском языке) - Альбер Камю

Падзенне (на белорусском языке) - Альбер Камю

19.08.2024 - 13:01 0 0
0
Падзенне (на белорусском языке) - Альбер Камю
Описание Падзенне (на белорусском языке) - Альбер Камю
Читать онлайн Падзенне (на белорусском языке) - Альбер Камю

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 20
Перейти на страницу:

Камю Альбер

Падзенне (на белорусском языке)

Альбэр Камю

Падзенне

Пераклаў Змiцер Колас

Прабачце, пане, вы не палiчыце за назойлiвасць, калi я прапаную вам свае паслугi? Бо iначай, баюся, вам не ўдасца згаварыцца з гэтым шаноўным гарылаю, што кiруе лёсам у тутэйшай карчомцы. На жаль, ён размаўляе толькi па-галандску. I калi вы не дазволiце мне растлумачыць яму ваш iнтэрас, ён наўрад цi здагадаецца, што вы хочаце выпiць ядлаўцовай гарэлкi. Ну вось, асмелюся спадзявацца, ён мяне зразумеў; тое, як ён кiўнуў галавой, павiнна азначаць, што мае довады яго пераканалi. Бачыце? Сапраўды - пайшоў, i нават спяшаецца, але з якою ўмудронаю сталасцю ён гэта робiць! Вам, трэба сказаць, пашанцавала - ён не забурчаў. Бо калi ён хоча адмовiць клiенту, яму досыць буркнуць, i настойваць ужо нiхто не рашаецца. Лiчыцца толькi з сваiм гуморам прывiлей вялiкiх звяроў. Але дазвольце адвiтацца, быў вельмi рады вам дагадзiць. О, што вы, што вы, пане, я вам вельмi ўдзячны i з прыемнасцю прыняў бы гэтае запрашэнне, але баюся, што i так ужо надакучыў вам. Вы вельмi прыязны. Што ж, стаўлю свой кiлiшак побач з вашым.

Ваша праўда, яго маўклiвасць проста аглушае. Яна падобна да цiшынi вячыстых лясоў, пагрозлiвай, як гармата, зараджаная па самае жарало. Часам мяне здзiўляе, як упарта наш пануры сябар грэбуе цывiлiзаванымi мовамi. Бо яго ж рамяство - якраз у тым, каб прымаць у гэтым амстэрдамскiм бары - якi ён, дарэчы, д'ябал ведае чаму, назваў "Мехiка-Сiцi" - маракоў з усяго свету. З такiм заняткам яго невуцтва, як бы мовiць, не надта стасуецца, вы не лiчыце? Уявiце сабе краманьёнца, якi трапiў у Вавiлонскую вежу! Той, прынамсi, смуткаваў бы па родных мясцiнах. А гэты - не, гэты зусiм не адчувае сябе ў выгнаннi, ён спакойна iдзе сваёю дарогай, яго нiчога не абыходзiць. Адзiн з тых рэдкiх выразаў, якiя я чуў ад яго, зводзiўся да таго, што, маўляў, хочаш пагаджайся, не хочаш - не мяшайся. З чым трэба пагаджацца, у што не мяшацца? Тут наш сябар, несумненна, меў на ўвазе самога сябе. Прызнаюся, мяне заўсёды вабiлi такiя натуры, нiбыта высечаныя з суцэльнай глыбы. Калi паводле прафесii цi прызвання шмат разважаеш пра людзей, здараецца часам адчуваць пэўную настальгiю па прыматах. Ужо ў iх не было прыхаваных думак.

Праўда, у нашага гаспадара, хоць ён i сам толькi цьмяна здагадваецца пра гэта, але такiя ўсё ж маюцца. У яго, ведаеце, вельмi недаверлiвы нораў, а ўсё таму, што ён абсалютна нiчога не разумее, што пры iм кажуць. Адсюль i такая пахмурна-паважная пыса - нiбы ён, прынамсi, займеў падазрэнне, што ў чалавечым грамадстве не ўсё iдзе гладка. Калi ў чалавека такi настрой, з iм не надта лёгка гутарыць пра тое, што не тычыцца яго рамяства. Дарэчы, зiрнiце на тую сцяну, углыбiнi, - бачыце, над самай яго галавой квадрат, нiбы там вiсела карцiна. А там, сапраўды, раней вiсела карцiна, i вельмi цiкавая, сапраўдны шэдэўр. Дык вось, я быў сведка таго, як тутэйшы гаспадар яе набыў i як потым збыў. У абодвух выпадках гэта рабiлася з аднолькавай падазронасцю, пасля некалькiх тыдняў перадумвання i перажоўвання. З гэтага пункту погляду грамадства, трэба прызнаць, крыху папсавала некранутую прастату ягонай натуры.

Заўважце, я зусiм не папракаю яго. Я нават паважаю ў iм гэтую абгрунтаваную недаверлiвасць i з ахвотаю падзялiў бы яе, каб мне не замiнала, як вы самi маглi пераканацца, мая прыродная таварыскасць. На жаль, я балбатун i вельмi лёгка сыходжуся з людзьмi. Праўда, я ўмею трымаць прыстойную дыстанцыю, але каб пазнаёмiцца, любы выпадак лiчу прыдатным. Калi я жыў у Францыi, я не мог прамiнуць нiводнага разумнага чалавека, каб адразу не наладзiць з iм сяброўскiх зносiн. Ага, як бачу, вам крыху не прывычны гэты дзiўны выраз? Што ж, прызнаюся, ёсць у мяне слабасць да такiх выслоўяў, як i да ўсякiх моўных выкрутасаў наогул. I я сам папракаю сябе за гэтую слабасць, паверце. Я, зрэшты, выдатна разумею, што густ да тонкай бялiзны зусiм не абавязкова азначае, што ў вас брудныя ногi. I ўсё-ткi! Вычварны стыль, як i кужаль, вельмi ччаста хавае каросту. Адзiнае, чым я суцяшаю сябе - што i нягеглыя мямлi таксама не чысцейшыя за нас, гаваруноў. О, вядома, возьмем яшчэ па кiлiшку.

Вы доўга будзеце ў Амстэрдаме? Прыгожы горад, праўда? Чароўны? Вось слоўца, якога я даўно ўжо не чуў. Бадай, з тых часоў, як пакiнуў Парыж, а колькi ўжо мiнула! Але ў сэрца свая памяць, i я не забыў нашай мiлай сталiцы, яе набярэжных над Сенай. Парыж! Чысты мiраж, блiскучая дэкарацыя, у якой рухаюцца i жывуць чатыры мiльёны чалавечых iстот. Ужо пяць, паводле апошняга перапiсу? Што ж, i гэтыя хутка народзяць сабе малых. Мяне гэта не здзiвiць. Мне заўсёды здавалася, што ў нашых суайчыннiкаў дзве непазбыўныя страсцi: юрыць i мыслiць. Дзе папала i калi папала, як той казаў. Але не будзем iх за гэта судзiць: яны не адны, уся Эўропа такая. Я часам уяўляю сабе, што скажуць пра нас будучыя гiсторыкi. Iм хопiць адной фразы, каб апiсаць сучаснага чалавека: ён юрыў i чытаў газеты. I гэтаю ёмiстай фармулёўкай, асмелюся далажыць, будзе сказана ўсё.

Галандцы? О не, яны зусiм не такiя сучасныя. У iх надта многа вольнага часу. Ды вы самi зiрнiце. Што яны робяць? Ну, вунь тыя паны, напрыклад, жывуць коштам тых вунь кабет. Але ўсе яны, вядома - i самцы, i самкi, - дужа буржуазныя людзi, яны прыходзяць сюды ад прагi да таямнiчага. Альбо проста ад дурасцi. Iначай кажучы - ад лiшку цi браку ўяўлення. Часам гэтыя iмасцi забаўляюцца кожыкам цi рэвальверам, але не думайце, што iм гэта так ужо трэба. Гэтага патрабуе роля, вось i ўсё, i яны памiраюць ад страху, выпускаючы астатнi набой. I ўсё ж я лiчу iх болей маральнымi за тых, хто забiвае пацiху, у сям'i, бярэ блiжнiх на змор. Вы не заўважалi, што наша грамадства выдатна прыстасавана да такога роду знiшчэння? Вы, натуральна ж, чулi пра тых дробненькiх рыбак, што жывуць у бразiльскiх рэках: яны тысячамi кiдаюцца на неабачлiвага плыўца i ўраз абгрызаюць яго сваiмi вострымi зубкамi, пакiдаючы адзiн голы шкiлет. Што ж, так ужо яны створаны, такi ў iх лад. "Хочаце жыць чыста? Як усе?" Вы кажаце - вядома, натуральна. Як тут скажаш - не. "Добра. Зараз мы вас абгрызём. Вось вам работа, вось вам сям'я, вось - арганiзаваны адпачынак". I вострыя зубкi кiдаюцца на цела - i да касцей, да касцей. Але я не маю рацыi. Трэба казаць: не яны - ты так створаны. Гэта наш лад жыцця: галоўнае - хто каго абгрызе першы.

Ну вось, нарэшце нясуць нам нашую ядлаўцоўку. Каб вам добра жылося! Ага, вы бачылi - наш гарыла разявiў рот, ён назваў мяне доктарам. У гэтых краях усе дактары. Цi прафесары. Галандцы любяць паважаць - праз сваю дабрыню цi праз сцiпласць. Зласлiвасць, прынамсi, у iх зусiм не нацыянальная рыса. А я, дарэчы, не лекар. Да прыезду сюды, калi вас гэта цiкавiць, я працаваў адвакатам. А цяпер вось - суддзя-пакаяльнiк.

Але дазвольце ж назваць сваё iмя: Жан-Батыст Кляманс, ваш пакорны слуга. Рады пазнаёмiцца. У вас тут, несумненна, нейкiя справы? Амаль што? Выдатны адказ! I галоўнае - слушны, бо мы ўсе i ва ўсiм усяго толькi "амаль што". Паслухайце, длазвольце я згуляю з вамi ў дэтэктыва. Вы амаль што майго ўзросту, у вас спрактыкаванае вока саракагадовага чалавека, якi амаль што ўсё паспеў зведаць у жыццi, вы амаль што добра апрануты - цi менавiта так, як у нас апранаюцца ўсе, - i нарэшце, у вас гладкiя, дагледжаныя рукi. Значыць... значыць, вы - буржуа, амаль што! I буржуа вытанчаны! Вам непрывычны мае выкручастыя фразы? Што ж, гэта толькi двойчы даказвае вашу высокую культуру, бо, па-першае, вы ўсё-ткi разумееце iх сэнс, а па-другое, яны вас абураюць. I нарэшце, хвалiцца не буду, але, па-мойму, я вас зацiкавiў, а гэта сведчыць пра пэўную шырыню вашага розуму. Прымаючы ж усё сказанае пад увагу, прыходзiм да высновы, што вы - амаль што... Зрэшты, якое гэта мае значэнне? Прафесii мяне цiкавяць меней за секты. Дазвольце, я задам вам пару пытанняў? Калi палiчыце iх нясцiплымi - не адказвайце. Вы багаты? Збольшага? Добра. I вы не падзялiлiся сваiм багаццем з жабракамi? Не. Значыць, вы належыце да тых, каго я называю садукеямi. Праўда, калi вы не чыталi Святога Пiсання, вам гэта наўрад цi што скажа. Нешта гаворыць? Дык вы ведаеце Святое Пiсанне? Слухайце, вы сапраўды вельмi мяне цiкавiце.

Што ж да мяне... Ну, тут ужо мяркуйце самi. Плячыма, ростам i сваiм, па агульным прызнаннi, лютым тварам я хутчэй нагадваю рэгбiста, праўда? Аднак калi меркаваць па гаворцы, мне нельга адмовiць у пэўнай вытанчанасцi. Поўсць, з якой зрабiлi тканiну на маё палiто, састрыглi, вiдаць, з кароставага вярблюда, затое пазногцi ў мяне дагледжаныя. Чалавек я спрактыкаваны, як i вы, але здаюся на вас без нiякай перасцярогi, цалкам давяраючыся толькi вашаму твару. I нарэшце - нягледзячы на свае добрыя манеры i вычварную мову, я сталы наведнiк матроскiх бараў у Зэйдыку. Але кiньце, можаце не шукаць адказу. У мяне дваiстая прафесiя, вось i ўсё. Як i ўся мая натура наогул. Я ж вам казаў: я - суддзя-пакаяльнiк. Са мною толькi адно проста: у мяне абсалютна нiчога няма. Праўда, раней я быў багаты, але не, я не дзялiўся сваiм багаццем з iншымi. Пра што гэта сведчыць? Што я быў такi самы садукей, як i вы... О! Чуеце - сiрэны ў порце? Сёння ноччу будзе туман над Зэйдэрзее.

Вы ўжо збiраецеся? Прабачце, калi затрымаў. З вашага дазволу я за ўсё заплачу сам. У "Мехiка-Сiцi" вы мой госць, i мне вельмi прыемна вас пачаставаць. Вядома, заўтра я таксама буду тут, як, зрэшты, i ў любы iншы вечар. З удзячнасцю прыму вашае запрашэнне. Кудой вам iсцi?.. Ну-у... Але, калi не палiчыце за назойлiвасць, я правяду вас да порта? Так будзе прасцей за ўсё. Адтуль вам застанецца абагнуць жыдоўскi квартал, i вы выйдзеце на тыя чароўныя вулачкi, дзе бегаюць трамваi, поўныя кветак i аглушальнай музыкi. На адной з iх - яна называецца Дамрак - ваш гатэль. Не, не, толькi пасля вас, прашу. А я, дарэчы, жыву ў жыдоўскiм квартале - прынамсi, так ён называўся, пакуль яго не падчысцiлi нашыя браты-гiтлераўцы. Вось ужо дзе пашчыравалi! Семдзесят пяць тысяч жыдоў вывезена цi забiта на месцы - як той казаў, чысценька падмялi! Мяне захапляе такая руплiвасць, такая цярплiвая метадычнасць. Калi не маеш характару, трэба выпрацаваць у сябе, прынамсi, нейкую методу. Тут яна, бясспрэчна, зрабiла цуды, i вось я жыву на месцы аднаго з сама вялiкiх злачынстваў у гiсторыi. Мусiць, якраз гэта дапамагае мне разумець нашага гарылу i прычыны яго недаверлiвасцi? Дзякуючы гэтаму я магу змагацца з сваёю прыроднаю схiльнасцю, да ўсiх ставiцца спагадна. Калi я бачу новы твар, нехта крычыць ува мне: "Цiшэй. Небяспека!" I нават калi мяне вабiць да каго-небудзь неадольна, я па-ранейшаму пiльны.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 20
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Падзенне (на белорусском языке) - Альбер Камю торрент бесплатно.
Комментарии
Открыть боковую панель
Комментарии
Вася
Вася 24.11.2024 - 19:04
Прекрасное описание анального секса
Сергій
Сергій 25.01.2024 - 17:17
"Убийство миссис Спэнлоу" от Агаты Кристи – это великолепный детектив, который завораживает с первой страницы и держит в напряжении до последнего момента. Кристи, как всегда, мастерски строит