Категории
Самые читаемые
RUSBOOK.SU » Разная литература » Прочее » Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч

Читать онлайн Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 17
Перейти на страницу:

***

Экзамен па палітэканоміі здавалі з раніцы. Студэнт Ігнат Мазур, які перадусім нават не раскрываў падручніка і ведаў, што гэта бессэнсоўна, бо ўсё роўна ў галаве нічога не застанецца, ён толькі згубіць час на дарэмную вычытку — тым не менш прыйшоў у вучэбны корпус, слаба спадзеючыся, што выкладчык і галоўны экзаменатар Гавін захварэў, альбо трапіў пад трамвай, увогуле атруціўся якім-небудзь нясвежым прадуктам ці падавіўся курынай косткай. Але яго спадзяванні аказаліся марнымі. Хоць на іспытах прысутнічаў і Пятро Мацкевіч, які сядзеў у аўдыторыі за сталом збоку, апытваў усіх, як ужо стала вядома, чамусьці выключна Гавін.

Студэнт Ігнат Мазур убачыў Ваню Гужына і Іосіфа Зялёнку, якія, нібы два слупы стаялі ў кутку калідора ля аўдыторыі, падышоў да іх.

Якраз у гэты момант дзверы аўдыторыі расчыніліся і адтуль, хістаючыся, паволі выйшаў Віктар Г анабец. Ігнат Мазур ведаў, што той родам з няблізкай Малдавіі, вучыцца яму тут было цяжка: далёка ад дому, ды і ўвогуле, нейкі ён нібы затарможаны.

Чарнавалосы, жукаваты, цяпер ён быў бледны і нібы нечым аглушаны.

— Заваліў. На пераздачу, — вымавіў ён і папрасіў цыгарэту.

Праз некалькі хвілін з дзвярэй выслізнула заплаканая выдатніца Яніна Смоліч.

— Тры балы, — абвясціла яна ў насоўку.

Гэта ўжо было ўвогуле нешта незразумелае, бо ўсе ведалі, што выкладчык Гавін з сімпатыяй адносіўся да жаночага полу, і больш-менш прыгожыя дзяўчаты паспяхова здавалі яму іспыты.

— Чакаем, хлопцы, — давёў Ігнат Мазур занепакоеным Зялёнку і Гужыну. — Можа, Гавіна ў дэканат выклічуць, ці ён захоча есці, або ў прыбіральню.

Між тым іспыт працягваўся. Некалькі дзяўчат нечакана атрымалі добрыя адзнакі, а студэнтка Галіна Самаежка, даволі юрлівая і нахабная, якая змагалася з выкладчыкамі за кожны бал — нават «выдатна». І не дзіва, у галаве ў яе было нешта накшталт камп’ютара, бо яна ведала з кім сябраваць, з кім спаць, а таксама, дзе будзе працаваць і за каго выйдзе замуж.

Тым не менш Самаежка ўмела хаваць гэтыя свае якасці, і Ігнату Мазуру, які інтуітыўна разгадаў яе, станавілася нават не па сабе — вось будзе камусьці шчасце, падумаў ён і цяпер.

Пасля яе Гавін заваліў яшчэ пару хлопцаў, а потым зноў даў слабіну — у асноўным да дзяўчат. Але час ішоў, і чарговай ахвярай выкладчыка стаў рахманы і бяскрыўдны Міхась Байкоў — выхадзец з вёскі. Міхась да вучобы паспеў папрацаваць паляводам у калгасе і таму, як кажуць, зубамі трымаўся за навуку.

На гэты раз не дапамагло.

Як высветлілася, выкладчык Г авін спытаў у Міхася Байкова пра асноўнае ў вучэнні Рыкарда, але той не ведаў. Тады Гавін пацікавіўся, ці чытаў студэнт Байкоў хоць што з распрацовак Фрыдрыха Энгельса па тэме, а так, як гэта ў праграму не ўваходзіла, Байкоў толькі лыпаў вачыма. Урэшце, ён пачаў нешта гаварыць па пытанні ў білеце, але праз хвіліну Гавін перапыніў яго і спытаў, што еў студэнт Байкоў на сняданак. «Сала з хлебам», — шчыра адказаў той. «І часнаком?» — пацікавіўся Гавін. «Так», — кіўнуў Міхась Байкоў. «Калі будзеце пераздаваць, дык ужывайце ўжо без часнаку», — сказаў выкладчык Гавін і скончыў апытанне.

— Дык вампіры не выносяць часнок, — заўважыў Байкову Ігнат Мазур. — А ты, братка, натрамбаваўся ім з раніцы. Вось і атрымаў...

Урэшце выкладчык Гавін, мабыць, прытаміўся, папрасіў Пятра Мацкевіча сесці насупраць яго у кут аўдыторыі і дапамагаць прымаць іспыт. Усё гэта даносілі тыя, хто выходзіў з аўдыторыі пасля іспыту.

Трое змоўшчыкаў, між тым, адразу акрыялі. Цяпер трэба было пралічыць усё так, каб трапіць менавіта да выкладчыка Мацкевіча, што аказалася не проста. Першаму ўдалосяся трапіць да яго выкрутліваму Іосіфу Зялёнку. Праз хвілін пяць ён выскачыў з аўдыторыі і адразу піхнуў туды Ваню Гужына.

— Ідзі. Ха-ха...

— Што? Як? — пачалі пытацца ў Зялёнкі дзяўчаты.

— Ледзь выратаваўся, — хітрыў той. — Джаліць, як пчала. Пытанне за пытаннем.

Але ўбачыўшы Ігната Мазура, адразу кінуўся да таго, зашаптаў у вуха:

— Станавіся ля дзвярэй. Нікога да Мацкевіча не прапускай, ідзі сам. Толькі да яго, інакш табе капец. Урэшце, сам ведаеш.

— Пакажы залікоўку, — сказаў Мазур.

— Ну зірні на арыфметыку.

У графе за іспыт студэнт Ігнат Мазур убачыў лічбу «5» і подпіс Мацкевіча.

— Дык ты ж казаў...

— Мала што я каму казаў. Наперад, сябра. Пара.

Студэнт Ігнат Мазур з залікоўкай у руках стаў ля дзвярэй. Неўзабаве яны адчыніліся, але з аўдыторыі выйшла як самнамбула стараста курса Уразава. На яе заўсёды жыццярадасным твары чыталіся разгубленасць і яўнае незадавальненне. «Тры, тры балы», — загаманілі вакол дзяўчаты.

З велічнай млявасцю тым часам з аўдыторыі выплыла генеральская дачка Паліна Басаргіна.

— Пяць балаў, — абвясціла яна. — Г авін запаў на мяне, век Парыжа не бачыць.

Трэба было заходзіць менавіта Ігнату Мазуру, але той рашуча адмовіўся:

— Пачакаю.

Замест яго, а значыць да выкладчыка Гавіна, пайшоў вядомы на курсе зубрыла і, як хадзілі чуткі, — стукач, выдатнік Павел Слімакоў.

Ужо моцна нервуючыся, студэнт Ігнат Мазур чакаў выхаду Вані Гужына. Як толькі той паказаўся з дзвярэй, Мазур пасунуўся ў аўдыторыю.

«Да выкладчыка Мацкевіча, — круцілася думка. — І каб трапіць толькі да таго».

У аўдыторыі было чыста, светла і пахла сумессю таннай жаночай парфумы і кветак. На стале перад выкладчыкам Г авіным стаяла вазачка з букетам. Сам выкладчык — укормлены, самазадаволены, карыкатурна імпазантны — разглядваў, нібы нецікавае яму насякомае, узмакрэлага ад напругі студэнта Паўла Слімакова.

У супрацьлеглым кутку за сталом адзінока сядзеў выкладчык Пятро Мацкевіч. Яго спакойны, крыху іранічны твар з жывымі, разумнымі вачыма быў павернуты да напаўрасчыненага акна, за якім квола зелянела некалькі таполяў.

Студэнт Ігнат Мазур павітаўся і нерашуча спыніўся. Як паставіцца да яго выкладчык Мацкевіч? Што ён за чалавек увогуле? Ці не запамятаваў ён яго пасля іх сумеснага «пікніка» з Зялёнкам і Гужыным? Дык тады ў іх усё прайшло па-сяброўску.

— Гэта я, маё прозвішча Мазур, — урэшце мовіў ён.

— Заходзьце, — запрасіў Мацкевіч і паказаў Ігнату Мазуру на крэсла перад сабой. — Цягніце білет. Які там нумар?

Студэнт Ігнат Мазур назваў нумар білета і пытанні. Выкладчык Мацкевіч зірнуў у бок Гавіна, які ў супрацьлеглым куце аўдыторыі ляніва дапытваў Паўла Слімакова і сказаў напаўголаса:

— Ну, гаварыце што-небудзь. Пра дадатковую вартасць, прыкладам. Не маўчыце.

Студэнт Ігнат Мазур глытнуў перасохлым горлам і, цвёрда гледзячы ў вочы экзаменатара, адказаў:

— Так званая дадатковая вартасць і многае іншае, пра што пісаў Маркс, — гэта ахінея. Няма ніякай дадатковай вартасці, ёсць энергія зоркі — гэта значыць, нашага Сонца.

Паўза.

— Так, так. Што яшчэ скажаце?

— Больш няма чаго, — панізіў голас студэнт Ігнат Мазур.

— Давайце пра футбол, — з ледзь прыкметнай усмешкай сатыра ў кутках вуснаў сказаў выкладчык Пятро Мацкевіч. — Любіце футбол? Я, прыкладам, і стадыён часам наведваю. Калі мінскае «Дынама» гуляе. А чэмпіянаты свету абажаю. Якая зборная каманда асабіста вам падабаецца?

— Зборная Германіі. І яшчэ люблю глядзець гульню італьянцаў.

— І за што падабаюцца? Гаварыце, не маўчыце. Тым больш, што нашы погляды тут поўнасцю супадаюць. Трэба ж такое...

Яшчэ хвіліны дзве-тры студэнт Ігнат Мазур называў прозвішчы вядомых гульцоў, коратка расказаў нават пра знакамітую «бітву пры Бёрне» — урэшце змоўк.

Паўза.

— Якую адзнаку вы хочаце? — нечакана спытаў яго выкладчык Пятро Мацкевіч.

— «Добра», калі можна. За чарговы траяк могуць пазбавіць стыпендыі, а «пяцёрка» выкліча падазрэнні.

— Давайце залікоўку.

Выкладчык Пятро Мацкевіч паставіў адзнаку «добра» ў ведамасць і ў залікоўку Ігната Мазура.

— Энергія зоркі, — па-змоўніцку ўсміхнуўся ён, — вось у чым першапрычына. Тут вы правільна заўважылі. Усё астатняе — лухта.

Юля Маракова яшчэ не здавала, і Ігнат Мазур адвёў яе ў бок і сказаў:

— Ідзі толькі да Мацкевіча. І ўсё будзе, як у мяне.

— А што ў цябе?

— Чатыры балы.

— Во як. Ды пачакай, раскажы падрабязна.

Але студэнт Ігнат Мазур ужо не слухаў яе. Ля акна ён убачыў адзінокую постаць Святланы Конкінай і заспяшаўся туды.

Студэнтка Конкіна, як заўсёды някідка, нават ледзь не нядбайна апранутая ў белую кашулю і ў чорную спадніцу, сустрэла яго звыклай іранічнай усмешкай на пульхных вуснах. У руцэ яна трымала прыпаленую цыгарэту. Зялёныя вочы дзяўчыны нічога не выяўлялі: ні трывогі, ні заклапочанасці, ні якога ўзбуджэння перад іспытам.

Студэнт Ігнат Мазур запаліў і, свядома мінаючы залішнія падрабязнасці, параіў дзяўчыне здаваць іспыт толькі выкладчыку Мацкевічу.

— А мне Гавін падабаецца, — нібы насуперак яму сказала Святлана Конкіна і дадала з прыхаваным здзекам:

— Ён так глядзіць на мяне, бедны...

— Ён жорстка прымае. Ты можаш не вытрымаць іспыт. І чаго гэта ён на цябе глядзіць? Самазадаволены індык. Па-мойму і на галаве ў яго нешта накшталт завіўкі. Нават ты такую не зробіш.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 17
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч торрент бесплатно.
Комментарии
Открыть боковую панель
Комментарии
Вася
Вася 24.11.2024 - 19:04
Прекрасное описание анального секса
Сергій
Сергій 25.01.2024 - 17:17
"Убийство миссис Спэнлоу" от Агаты Кристи – это великолепный детектив, который завораживает с первой страницы и держит в напряжении до последнего момента. Кристи, как всегда, мастерски строит