Категории
Самые читаемые
RUSBOOK.SU » Разная литература » Прочее » Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч

Читать онлайн Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17
Перейти на страницу:

Скончылася ўсё гэта непрыемным выпадкам. Аднойчы на перапынку Святлана Конкіна стаяла ў кутку ля падаконня і паліла цыгарэту. Да яе падышоў вясёлы Ваня Гужын, паклаў ёй на плячо руку, другую працягнуў, каб выхапіць у дзяўчыны цыгарэту. Тая даволі рашуча адпіхнула яго і адвярнулася да акна. Гэта якраз убачыў Ігнат Мазур і падазрэнні, загнаныя ў падсвядомасць пасля размовы з Юляй Мараковай, усплылі наверх. Ён раптам адчуў, як моцна ненавідзіць хамаватага, упэўненага ў сабе Гужына. Рашуча падышоў да яго. Тым часам Гужын, смеючыся гаварыў нешта дзяўчыне, якая адвярнулася да яго спінай.

— Хадзі сюды, Ваня, — нечакана для Гужына, крануў яго за рукаў Мазур.

— Куды гэта — сюды? — па-дурному спытаў Ваня Гужын, напэўна яшчэ нічога не разумеючы, але пайшоў за Мазурам.

Яны спусціліся ўніз, пад лесвіцу.

— Ну, ты што, Ігнат? Якая праблема? — спытаў Ваня Гужын, мабыць, прадчуваючы нядобрае.

— Дзяўчыну ручкамі сваімі белымі не кранай, а то я табе пальцы на іх у іншы бок павыкручваю, — ужо не валодаў сабой Ігнат Мазур.

Паўза.

Некалькі секунд Ваня Гужын няўцямна глядзеў на яго, а потым сплюнуў у бок.

— Ды пайшоў ты.

Замест адказу студэнт Ігнат Мазур, амаль не замахваючыся, левым бакавым стукнуў таму ў твар. Ваню Гужына адкінула да сцяны, з разбітых вуснаў пацякла кроў. Але неўзабаве ён падхапіўся, толькі ў бойку не палез, а пакратаў рот, прасіпеў:

— Ты мне зуб выбіў, хістаецца. А вось гэтага я табе не дарую. Зараз жа напішу заяву ў міліцыю і здыму пабоі. Дарожку да дыплома я табе перакрыжую.

Да іх ужо збегліся аднакурснікі. Падышлі і дзяўчаты.

— Ды ты мужык ці баба? — раптам сказала Юля Маракова, якая прыйшла сюды ці не адной з першых і стала паміж хлопцамі, дадала: — З-за нейкай лухты ў міліцыю? Цябе, Ваня, можа ў дзяцінстве з падаконня скінулі галоўкай уніз? Трымайце яго, дзяўчаты! Няхай памірацца!

Мірыцца Ваня Гужын не пажадаў, але і бегчы ў міліцыю пад націскам дзяўчат пасаромеўся. На тым усё быццам і скончылася, але студэнт Ігнат Мазур адчуў, што вельмі стаміўся. Нервы яго былі напяты, ім нечакана авалодала туга — ён разумеў, што ў яго жыцці часам менш стане людзей.

***

Між тым наблізіліся вакацыі, а на вакацыях студэнт Ігнат Мазур заўсёды стараўся зарабіць хоць якія грошы.

На адным з невялікіх прамысловых заводзікаў па вытворчасці бытавой тэхнікі яго ўзялі на кароткачасовую працу грузчыкам-экспедытарам. Удвух з вадзіцелем — рахманым дзядзькам сталага веку — яны з тыдзень ездзілі па гарадах і пасёлках рэспублікі. Заадно Ігнат Мазур навучыўся вадзіць машыну, на трасе, калі было свабодна, сядаў за руль — дзядзька ахвотна давяраў яму і, нібы інструктар, тлумачыў правілы дарожнага руху і расказваў пра тэхнічныя тонкасці ў рабоце матора.

Маці ўсяляк старалася дагадзіць сыну. Ужо ўся сівая, схудалая за апошні час, нешматслоўная — яна рыхтавала сыну ежу, мыла яго кашулі, старанна іх прасавала.

— І куды цябе размяркуюць? — асцярожна і быццам раўнадушна спытала неяк яна, але ён ведаў, што гэта вельмі непакоіць яе, хоць яна таго і не паказвае.

— Пакуль нявызначана, — адказаў ён.

— Ты за мяне не хвалюйся, яшчэ і адна спраўляюся, — сказала яна, нібы просячы прабачэння за нешта. — Паедзеш куды пашлюць, інакш нельга, сам ведаеш. — І перавяла ўсё на жарт: — А то, можа, і мне «чоловік» які тут знойдзецца — дык выйду замуж.

Але студэнт Ігнат Мазур ведаў, што ўсё гэта — паказная бадзёрасць і штучны аптымізм, бо ў жыцці маці нічога вартага ўжо не можа быць. Дый якое жыццё было ў яе раней? Адна бачнасць. А зараз? Работа, сон, зноў работа. Якая лішняя, а па сутнасці ад сябе адарваная частка грошай — дык усё яму.

Зайшоў Ігнат Мазур і ў рэдакцыю аб’яднанай газеты «Камуністычны шлях», куды занёс пару кароткіх артыкулаў. Адзін — на экалагічную тэму, другі — на спартыўную. Да артыкулаў спачатку паставіліся з недаверам, пасля надрукавалі, але ганарар быў капеечны, а атмасфера ў рэдакцыі яму не спадабалася сваёй амярцвеласцю. Большасць супрацоўнікаў не мела спецыяльнай адукацыі, кіраваў газетай былы міліцыянер, які невядомым чынам скончыў нейкія парткурсы. Таксама не журналіст.

Таго, што зарабіў Ігнат Мазур, было зусім мала, каб ехаць у сталіцу ўпэўненым у сабе. Таму, паапытаўшы дасведчаных людзей у мясцовым нумізматычным клубе, выйшаў на заможнага калекцыянера, які купіў у яго адну з манет. Укормлены, дагледжаны, з пафарбаванымі ў чорны колер валасамі і штучнымі, ненатуральна белымі зубамі, калекцыянер выглядаў даволі карыкатурна, але ў асяродку суседзяў і многіх гараджан лічыўся чалавекам, «які ўмее жыць». Асноўным яго заняткам было распісванне помнікаў партрэтамі нябожчыкаў — так званымі «медальёнамі».

Манета — сярэбраны «ОРТ» Яна Казіміра часоў Рэчы Паспалітай — пацягнула прыкладна на паўгадавую зарплату інжынера — урэшце Ігнат Мазур ведаў, што яна каштуе ўдвая больш. Але таргавацца не выпадала. У яго яшчэ заставаўся таксама сярэбраны саксонскі талер, які меркаваў больш выгадна прадаць у сталіцы.

Некалькі разоў за гэты час ён спыняў спадарожную і звычайна праз гадзіну ўжо быў у Мінску. Святлана Конкіна сустракала Ігната з ціхай радасцю, якую кожны раз імкнулася маскіраваць разняволенымі жартамі, але аднойчы ён выпадкова ўбачыў, як яна са шчаслівай, нейкай бездапаможнай усмешкай прыціснула да твару яго кашулю.

Гаспадыня кватэры амаль не вылазіла з лецішча, часта заставалася там нанач, і ім было вольна і добра ўдваіх. Студэнт Ігнат Мазур зноў быў «пры грашах», купіў сабе недарагі новы касцюм, дзяўчыне падарыў берэт і шалік. Аднойчы нават павячэраў з ёй у бліжэйшым рэстаране пры гасцініцы «Пла­нета».

***

На вайсковыя зборы трапілі не ўсе з аднакурснікаў Ігната Мазура, якія разам з ім займаліся на кафедры. У некаторых з іх раптам выявіліся хваробы, адпаведныя заключэнні медыкаў былі прадстаўлены, і яны засталіся хто ў сябе дома, а хто ў інтэрнаце. Студэнт Ваня Гужын таксама не з’явіўся на зборы, бо прынёс даведку, што ў яго звыклы вывіх пляча і здаўна пашкоджана плечавая сумка.

Зборы праходзілі ў адной вайсковай часці ў летнім лагеры. Студэнтаў пераапранулі, размеркавалі по ротах і ўзводах: у журфакаўцаў была свая рота, у юрыстаў — свая, у філфакаўцаў і іншых — таксама свае. Камандзірамі рот, узводаў з’яўляліся кадравыя афіцэры.

Мотастралковым узводам, дзе апынуўся Ігнат Мазур, камандаваў лейтэнант Андрэй Дзямідчык, былы рабочы трактарнага завода, які скончыў афіцэрскія курсы і пайшоў на тэрміновую службу. Даволі рахманы, ён імкнуўся трымаць узвод у руках, але курсанты яго хутка раскусілі, і як маглі пачалі гэтым карыстацца, хоць і асабліва падстаўляць маладога афіцэра не жадалі, ён быў амаль што сваім. Затое ротны маёр Угараў адносіўся да сваіх падначаленых вельмі строга. Ён хадзіў па лагеры і днём і ноччу, быццам не меў ні сям’і, ні якіх асабістых інтарэсаў ці захапленняў. Худы, з аскетычным тварам, нібы запакаваны ў форму, ён бясконца чапляўся не толькі да радавых, а і да сяржантаў, старшынаў і камандзіраў узводаў.

Жылі будучыя афіцэры ў вялікіх палатках па дзесяць—дванаццаць чалавек у кожнай. Вучыліся страляць з усіх відаў зброі, падрыўной справе, вадзіць бронетранспарцёр. У сувязі з падзеямі ў Чэхаславакіі планаваліся вялікія манеўры, да якіх спакваля рыхтаваліся і курсанты.

***

У перапынках паміж вучобай, каравулам, нарадамі ў думках Ігнат Мазур зноў і зноў вяртаўся да самага балючага для яго пытання: як быць далей са Святланай Конкінай? Дзе яна зараз? Пра што думае? Куды іх урэшце размяркуюць? Як быць з Аняй Балтас, з Юляй Мараковай? Хоць, што яму зараз да іх? Але ўсіх іх было шкада. «Бабу пашкадуеш — сам бабай станеш», — зноў успомнілася выказванне Гужына, ды што яму той хітры, хамаваты і недалёкі Гужын? На нейкае імгненне нянавісць да таго зноў усплыла ў свядомасці: сюды б яго, вось бы заенчыў...» Але хай, цяпер не да Гужына. Зноў падумаў пра дзяўчат.

Яму шкада Аню Балтас. І Юлю Маракову шкада. Нельга падводзіць пад здраду тых, хто даверыўся табе — вось у чым прычына, думаў ён. Магчыма, гэта і ёсць самы страшны грэх на свеце. Так, ён любіць іх усіх і жадае кож­най шчасця. Але ж кахае цяпер адну — Святлану Конкіну, і ёй таксама жадае шчасця. Хіба не так?

Ён вельмі хацеў пабачыць яе, але гэта было немагчыма ні цяпер, ні ў бліжэйшы час. А жаданне было настолькі моцным, што хоць выхапі з піраміды свой «калаш» і...

Уціснуўшыся ў кут акопа, ён бачыў, як узводны Дзямідчык выдаў Байкову гранату, чуў, як яшчэ раз праінструктаваў курсанта, што трэба рабіць з ёй, затым загадаў кідаць.

Міхась Байкоў з дурнаватай усмешкай на твары выхапіў чаку і павярнуўся да ўзводнага.

— Што? — спытаў ён. — Кідаць?

— Кідай! — крыкнуў яму лейтэнант Дзямідчык.

— Га? — зноў спытаў Байкоў і... кінуў гранату на дно акопа пад ногі сабе, узводнаму і Мазуру...

Студэнт Ігнат Мазур потым не раз успамінаў тыя секунды, што заставаліся да выбуху, гранату, якая імкліва падкацілася да яго: яна яшчэ варушылася ля ног, але ён хіба што на інстынкце самазахавання схапіў яе і кінуў за бру­ствер.

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч торрент бесплатно.
Комментарии
Открыть боковую панель
Комментарии
Вася
Вася 24.11.2024 - 19:04
Прекрасное описание анального секса
Сергій
Сергій 25.01.2024 - 17:17
"Убийство миссис Спэнлоу" от Агаты Кристи – это великолепный детектив, который завораживает с первой страницы и держит в напряжении до последнего момента. Кристи, как всегда, мастерски строит